Таццяна ЧЭКЕД «Шчанюк»
Среда, 8.12.2021 12:00. Рубрика: Навіны "Вясёлкi"
Падарылі мне шчаня,
Баўлю час я з ім штодня.
Мой шчанюк такі харошы,
Добры, ласкавы, прыгожы!
З чорнай плямкай на спіне,
З рыжанькай — на галаве.
Як мядзведзь — такі калматы,
А яшчэ як кот — вусаты.
Поўсць блішчыць, нібыта шоўк,
А злуецца, як той воўк.
З пышнай грывай галава,
І падобны ён на льва.
Зубкі вострыя растуць —
Дакрануцца не даюць.
А як гаўкне — ўсе дрыжаць
І спрабуюць уцякаць.
Драпаюць абы куды —
Каб далей як ад бяды!
То дарослыя баяцца,
Дзеткам нечага пужацца.
Толькі з імі ён гуляе,
На парозе сустракае,
Тыцкае ў далоні нос,
Радасна ўзнімае хвост.
Любіць лапку падаваць,
Па падлозе мяч катаць.
Самы лепшы сябар мой —
Ён цяпер заўжды са мной.