З”Вясёлкай” у сэрцы!
У вясёлкавым кабінеце галоўнага рэдактара я ўжо сорак другі год. І гэта дае мне права заявіць усяму свету: “Вясёлка — мой лёс, мая планета, маё жыццё!”
Божа мой! Колькі ж за гэтыя гады прапусціў праз сваю душу рукапісаў з казкамі, апавяданнямі, вершамі, паэмамі. Заўсёды чытаў творы для дзяцей з нязменным рэдактарскім прынцыпам: “Пазірай не ў твар аўтара, а ў яго твор!” І гэта надавала смеласці не пусціць да маленькіх чытачоў настырную графаманію, даўкую рыфмаванку, пустабрэхаўку. Хвалю сябе за гэта. Імкнуся перадаць свой рэдактарскі вопыт наступнікам.
А ён у чым?
Прымай свайго Чытача — як дар Божы.
Любі сваю справу — з потам Божым.
Беражы зямельку, дзе твая пупавіна, яна аніколі не пакрыўдзіць цябе.
Шануй гонар свой, трымай у чысціні сумленне і цябе не зломяць аніякія вятрыскі, не замарозяць завеі, не спаліць агонь зайздрасці.
Будзь Чалавекам, верна служы Дзецям!
“Вясёлка” адшліфавала і мае літаратурныя здольнасці. У падмурак выхавання Дзяцей з надзеяй і вераю кладу свае кнігі: “Вясёлая азбука”, “Каралева белых прынцэс”, “Залаты домік”, “Прыгоды Нуліка”, “Сонца над галавой”, “Мілаградскі конік”, “Закаханы трэцякласнік”, “Грошык і таямнічы кошык”, “Я тут жыву”, “Мая Беларусь”…
У шматкроп’і схавана дужа багата кніг, твораў, якія запусціў на млын выхавання сучаснікаў. Хочацца верыць, што з іх уздымуцца новыя таленты нашай зямлі!
Заканчваецца маё вясёлкавае святкаванне ў дзіцячым часопісе. Не заканчваецца маё служэнне Дзецям Беларусі!
Хораша прыкмеціў некалі мудры паэт Алесь Разанаў, як бы для мяне, як бы для ўсіх нас:
Аднойчы,
калі завершу ўсе справы…
О, як многа трэба зрабіць,
калі завершу ўсе справы!..