Чаму вада ў моры салёная
Старыя людзі распавядаюць, што даўно-даўно вада ў моры не была, як цяпер, салёная. А стала яна такой таму, што нейкі мураш укусіў Ангала.
«А хто такі Ангала?» – запытаеце вы.
Дык вось, Ангала быў веліканам. Калі ён заходзіў на самую сярэдзіну мора, вада ледзь-ледзь даставала да яго каленяў. Калі ж стаяў на зямлі, горы таксама
былі яму па калені.
Аднойчы здарылася так, што ў людзей скончылася соль, і яны прыйшлі да Ангала.
– У нас скончылася соль, Ангала, – сказалі людзі. – Мы хочам здабыць яе за морам, бо тут няма солі. Дапамажы нам, Ангала.
– Няма нічога больш простага, – адказаў велікан. – Хадземце за мной.
Прыйшлі людзі да мора. Ангала сеў на беразе і выцягнуў сваю нагу так, што пяткай упёрся ў гару на тым баку мора.
– Вось вам мост, – сказаў ён людзям. – Па маёй назе вы можаце перайсці праз мора.
– Дзякуй, Ангала!
– Вазьміце корабы для солі і пераходзьце!
Узрадаваліся людзі, узялі корабы і без перашкод перайшлі мора. Набраўшы там солі, яны павярнулі дадому. Зноўку ішлі па назе Ангала, і кожны нёс паўнюткі кораб солі.
Вось ужо і самая сярэдзіна мора. І якраз у гэты час Ангала ўкусіў мураш. Усклікнуў велікан ад болю ды так торгнуў нагою, што людзі з салянымі корабамі пападалі ў мора. З таго часу, кажуць старыя людзі, вада ў моры і стала салёнай.