Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ
Воскресенье, 27.06.2021 10:00. Рубрика: Навіны "Вясёлкi"
ХОДЗІЦЬ КОЦІК
Ходзіць коцік па капусце,
Носіць сны людскія ў хусце.
Гэтаксама па-кашэчы
Ціха крочыць цёмны вечар.
А за ім аж да світанку
Ноч мармыча калыханку,
Месяц воблака калыша,
І навокал – ціша, ціша…
Колер сцішаны мышыны
Ўкрыў будынкі і машыны,
Дрэвы ўкрыў, сады, газоны –
Спіць пад коўдрай горад сонны.
Толькі шэрыя, бы сненні,
Між дамоў блукаюць цені.
То каты, і кожны – з хустай,
Спелых сноў разносяць лусты.