Уладзімір ЛІПСКІ
Лізавета шукае маму
Апавяданне (пачатак)
Жыла ў адным звычайным горадзе звычайная дзяўчынка. Гэта яна так думала, што звычайная.
А ўсе, хто яе ведаў, лічылі, што яна незвычайная.
Чаму? Ну мяркуйце самі.
Пытаюцца ў яе:
– Абедаць будзеш?
– Хутчэй не, чым так.
– Мама ў цябе ёсць?
– Хутчэй не, чым так.
– У школу ходзіш?
– Хутчэй не, чым так.
Яе і празвалі – дзяўчынка Хутчэйнечымтак. Хаця яна мела сапраўднае імя – Лізавета. Часта казала пра сябе:
– Я хутчэй Ліза, чым Вета.
І разумееце, яна паведамляла праўду, хаця сама пра гэта і не ведала. Адкуль жа ёй ведаць, што мама яе кінула, калі дзяўчынцы споўнілася ўсяго годзік. Можа, яна і была раней Лізай, пасля стала Ветай і, урэшце, – Лізаветай? Чаму адбываецца такая блытаніна з імёнамі? А вы самі ўявіце: людзі знаходзяць на вакзале дзяўчынку. Яна, захутаная ў пялёнкі, плача. Гаварыць не ўмее. Адкуль жа ёй ведаць, як яе раней звалі? Так з’яўляецца новае імя. Вось і наша Лізавета – невядомка сярод выхаванцаў-сірот. Можа, сапраўды, яна Хутчэйнечымтак, а не Лізавета?
Аднойчы вось што надумала. Сабралася і пайшла шукаць сваю маму. Думаеце, яна спытала дазволу ў дырэктрысы? Хутчэй не, чым так. Думаеце, яна сказала пра гэта каму-небудзь са сваёй групы? Хутчэй не, чым так. У адным месцы металічнай агароджы Лізавета даўно прыкмеціла дзве ўвогнутыя ў розныя бакі рэйкі. Вось у гэтую адтуліну яна і праціснулася. Як толькі апынулася на гарадской вуліцы, адразу пачала ўзірацца ў жанчын.
Вой, колькі ж іх тут! Адны ішлі пад руку з мужчынамі. І болей нікога не прыкмячалі вакол. Другія з сумкамі і пакетамі некуды спяшаліся. Трэція рулявалі легкавуш-
камі. І толькі адна жанчына была заклапочаная, як бы нешта згубіла. Лізавета рашуча падышла да яе, з надзеяй спытала:
– Цёця, вы некага шукаеце?
– Ага, Лізка збегла ад мяне.
– Лізка? – ледзь не ўскрыкнула Лізавета, і сэрца яе ўскочыла ў пяткі.
– Мо бачыла яе дзе-небудзь?
Лізавета прыжмурыла адно вока, усміхнулася і загадкава прызналася:
– Хутчэй не, чым так.
– Што хітрыш, дзяўчо?.. Ты мо і заманіла маю Лізку?..
Лізавета ўсё зразумела, ёй адразу стала сумна і захацелася на грубасць адказаць грубасцю:
– Ага, я ўкрала вашу сабачку і з’ела яе.
Хутчэйнечымтак з усяе сілы пабегла па вуліцы, толькі паблісквалі падэшвы сандалікаў, быццам па асфальце падскоквалі шэрыя вераб’і…