Уладзімір БАБКОЎ
Вторник, 15.06.2021 11:00. Рубрика: Навіны "Вясёлкi"
БОЦІКІ
Як і ў мінулыя леты,
Быў дзень нараджэння ў Светы.
Святочныя тата і мама
Прынеслі пакуначак з крамы,
Дачушку павіншавалі —
Ёй боцікі падаравалі..
Чырвоныя, з густам пашытыя,
Бліскучыя, лакам пакрытыя.,
Па модзе — насочкі, абцасікі,
Абуйся й скачы ў іх у «класікі».
Ды Света, калі іх прымерала,
Сама сабе не паверыла.
Абула і раз, і другі —
Ды кожны з іх з правай нагі.
Завойкала мама,
Разгублены тата,
Адзін на аднога глядзяць вінавата.
Ды не засмуцілася Света,
Сказала разумніца гэтак:
— Ты ж, татка, паказваў мне —
Там, у лазе,
Бацян стаіць днямі на адной назе.
Каб ножка не мерзла ў балоце.
Аддадзім мае яму боцікі,
Нібы па заказу —
Два правых адразу.