Алесь Карлюкевіч «Паспрачаліся дзве ракі»
З сівой даўніны зямелькі на Карэліччыне надзіва ўраджайныя. Бульба да восені з добрыкулак вырастае. Жыта ў колас наліваецца. А травы на лугах паблізу Нёмана ў чалавечы рост падымаюцца. І людзі з дня ў дзень працуюць. Усвяты з позняй восені да ранняй вясны сямейкай дружнай за стол садзяцця. Тады і песні гучаць. І танцы таньчаць. А дзядулі ды бабулі малым дзеткам казкі расказваюць. Адну з іх і я пачуў. Пра тое, як дзве ракі – Цятранка і Дзвея – паспрачаліся, а пасля і памірыліся, згоду і лад паміж сабою знайшлі.
Цятранка – левы прыток Ушы. І Дзвея, якую цяпер Змейкай завуць, – таксама левы. З Цятранкай лепей сустрэчу зладзіць каля вёскі Уша, а з Дзвеяй ці Змейкай – у вёсцы Малая Мядзвядка. Там, пры ўпадзенні ва Ушу, яна найболей прыгожая. Заадно і з вёскамі Вялікай і Малой Мядзвядкамі пазнаёміцеся. Вёскі выраслі абапал старадаўняга маёнтка Мядзвядка. Кажуць, тут некалі нарадзіўся славуты шукальнік прыродных скарбаў, славуты геолаг. Праўда, свой пошук ён ладзіў у далёкай Лацінскай Амерыцы. Здараецца і такое, калі сваю жар-птушку чалавек у далёкім свеце шукае. І беларусы тут – не выключэнне. Але было гэта пасля таго, як Цятранка і Дзвея адносіны паміж сабою высвятлялі.
А здарылася вось што…
Уша, куды збягаліся са сваімі водамі і Цятранка, і Дзвея ды іншыя рэкі і рачулкі, запрасіла сваіх сябровак на баль. Імёны некаторых рэк-прыгажунь, якія ўдзельнічалі ў тым фэсце, і зараз вядомасць маюць. А некаторыя, што не такія шырокія і не такія доўгія, сярод асушаных балот згубіліся, зніклі. Гарадніца, Сноўка, Міранка, ды нашы знаёмыя – Цятранка і Дзвея. Вось хто на баль выправіўся. А яшчэ –дзве Змейкі, што ў саму Дзвею ўпадаюць.
Патрапіць на баль усе палічылі за шчасце, бо воды іх Уша несла да вялікага Нёмана і далей ажно ў Балтыйскае мора.Як жа адмовіць старэйшай гаспадыні? Усе рэкі і рачулкі прыбраліся ў святочныя строі. Начаплялі на сябе палявых кветак, васількамі ўпрыгожыліся. А ў прычоскі пачапілі сця- бліны аеру. У тых паселішчах, каля якіх Дзвея свае воды несла, яго яірам завуць. І малодшыя Змейкі назбіралі гэтай расліны ў сажалках ды старыцах.
Цятранка ўборам сціплым падзівілася, засмяялася і нашэптваць Гарадніцы ды Міранцы пачала: «Не дзіва, што карэння нейкага паначаплялі, бо не знайсці ў іх балоце кветак».
І Гарадніца, і Міранка прамаўчалі. Самі з балотамі ды сажалкамі ў сяброўстве, аднымі клопатамі жылі. Разам зіму сустракалі. Калі летам надыходзіла гарачыня, стараліся тыя балотцы ратаваць, бо ведалі, што вільгаць, вада паўсюль кошт мае. А вось Цятранка супакоіцца не магла. Хвалілася сваімі сасновымі пералескамі, невялікімі бярозавымі масткамі, што яе берагі ўпрыгожвалі. І ўсяляк старалася гасцям паказаць, якія цудоўныя белыя лілеі ўпрыгожваюць яе строі. Дзвея маўчала. Няёмка ёй перад малодшымі сёстрамі, дзвюма танюткімі рачулкамі Змейкамі, абразу вытрымліваць. Ды і за што? Сумленна служу людзям, кручуся па той нізіне, што гэтаму краю дадзена, заўжды апякуюся, каб не
страціць сувязь родную з крыніцамі, каб ніколі не знікаў той ручаёк, што мяне да шырокай ракі прывёў.
Пачула звонкі галасок Цятранкі гаспадыня Уша. І як прыўзняла высока свае хвалі, дык імгненна ўсе сцішыліся.
– Што сабе дазваляеш, неразумная Цятранка! – гучна вымавіла галоўная ў гэтым краі рака. – Навошта сяброўку, паплечніцу крыўдзіш? Хіба ты маленькая, як неразумны ручаёк, і нічога не разумееш? Рэкі жывуць дзеля тых, хто побач, дораць свае воды зямельцы і чалавеку. І няма розніцы паміж крыніцай і балотам, паміж возерам і сажалкай. Усе мы з тых маленькіх кропелек, якія ратуюць раслінку, сілкуюць дрэвы, дапамагаюць садам. Дык навошта спрачацца, навошта адзін аднаго папракаць?
Крыху супакоіўшыся, Уша агарнула Цятранку сваімі хвалямі, пяшчотна пагладзіла. І ціхенька дадала: “Папрасі прабачэння, дарагая, у Дзвеі. Нам усім шчырае сяброўства не лішняе”. Так і зрабіла Цятранка. А яшчэ падарыла Дзвеі самую прыгожую белую лілею. І памірыліся дзве карэліцкія рачулкі. А баль той у памяці трымаюць і адна другой прывітанні перадаюць…
Вось такую казку давялося пачуць. Што ў ёй праўда, я, прызнацца, не ведаю. Толькі і зараз, праязджаючы па багатай на добрыя справы
Карэліцкай зямлі, бачу ў некаторых рэчках лілеі, бачу аер ці яір, слухаю, як паўсюль ціхенька шэпчуцца паміж сабою сажалкі і балаціны, рэчкі і рачулкі. Ведаю, што і Дзвея з Цятранкай, як і шмат гадоў назад, нясуць свае воды да гаспадыні Ушы.