Віктар ШНІП
МАЛЫ ПАГОНІЧ
Казка
Гэта было так даўно, што ніхто на зямлі не памятае гэтую гісторыю, акрамя зорак у начным небе, якія ўсё бачылі і чулі. І было гэта ў адным сяле, дзе жылі-былі Янка ды Алена. І быў у іх сынок Алеська. Харошы, паслухмяны хлопчык. І рос ён, дапамагаючы бацькам. Калі споўнілася Алеську сем гадоў, прыехалі з панскага маёнтка цівуны і забралі яго. Доўга плакалі Янка ды Алена, але колькі не плач, а слязамі гора не пасалодзіш. Хутка бацькі змірыліся, што іх сын працуе на пана, пасе з такімі ж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, як ён, панскіх кароў. А статак у пана быў вялікі-вялікі. І калі яго гналі на пашу ці з пашы, то пад капытамі жывёл аж трэслася зямля і хмара пылу, уздымаючыся да неба, хавала сонца. Алеська, як самы малы з пастушкоў, ішоў ззаду статка і паганяў кароў, якія адставалі.
За дзень набегаўшыся за жывёламі, вечарам Алеська адразу, толькі прылёгшы, засынаў. І сніліся яму бацькі, якія просяць пана, каб ён аддаў іх сына дамоў, бо той яшчэ зусім малы. А пан не аддае, злуецца, лаецца і патрабуе, каб Янка і Алена таксама ішлі працаваць на яго. І прачынаўся Алеська сярод ночы, і плакаў, і прасіў Бога дапамагчы яму вярнуцца дамоў. Так у слязах пачынаўся для хлопчыка яшчэ адзін новы дзень, затым другі, трэці. Хутка надышла халодная восень. Птушкі, якіх любіў слухаць і з якімі размаўляў Алеська, адляцелі ў цёплыя краіны. А пастушкі па-ранейшаму ўставалі рана і гналі на пашу панскі статак. За лета хлопчыкі падраслі, памужнелі, а дзяўчынкі яшчэ больш папрыгажэлі. Падрос і памужнеў і Алеська. Усё было добра, і здавалася, што так і далей будзе. Ды аднойчы вечарам у пакой да пастушкоў, якія толькі што вярнуліся з пашы, зайшоў цівун і сказаў: “Прапала любімая панская карова! Ідзіце шукаць яе, і пакуль не знойдзеце, не вяртайцеся дамоў!”
І пайшлі дзеці шукаць любімую панскую карову. А на вуліцы цёмна, што хоць ты пальцам вока выкалі. Усе разышліся хто куды, а Алеська, узяўшы з сабой свісцёлку, якой ён звычайна склікаў кароў, што адставалі ад статка, пайшоў да балотца. Цэлую ноч хлопчык хадзіў па балоце і свістаў у пошуках любімай панскай каровы, але так і не знайшоў. Пад раніцу, прылёгшы на купіне і абняўшы бярозку, заснуў. Праспаў ён цэлы дзень. А як пачало цямнець, прачнуўся і пачаў зноў свістаць у свісцёлку. Прайшла ў пошуках яшчэ адна ноч, і прайшоў яшчэ адзін дзень, а затым яшчэ ноч і дзень. На трэцюю ноч Алеська, праспаўшы цэлы дзень, прачнуўся і ўбачыў, што ён не адзін, а каля яго шэсць птушак. Самая смелая падбегла і сказала: “Мы не знайшлі любімую панскую карову і таму не можам вярнуцца ў панскі двор. Мы выпілі з балота вады і ператварыліся ў птушак. Калі ты хочаш быць з намі, то і ты так зрабі”. І выпіў Алеська балотнай вады і ператварыўся ў птушку. Бегаюць цяпер па балоце, часта і гучна свішчучы, нібы пастушкі, якія паганяюць статак малыя вадзяныя курачкі ці проста малыя пагонічы.