Пісьменніку Уладзіміру Ягоўдзіку — 65 гадоў. Віншуем!
Уладзімір ЯГОЎДЗІК
Нябесныя вароты
Неба
На небе ёсць сем пластоў ці столак. Мы бачым толькі першае неба, а Бог жыве на сёмым.
Аніхто не ведае, як зроблена неба.
Зоркі
На небе столькі зорак, колькі людзей на свеце. Як толькі народзіцца новы чалавек, анёлы запальваюць яшчэ адну зорку, а калі хтосьці памрэ, яго зорка адразу падае на зямлю.
Зоркі людзей, якія жывуць па Божым запавеце, свецяць ясна і прыгожа, а зоркі грэшнікаў і ліхадзеяў, наадварот, ледзьве мігцяць, нібыта плачуць. Пагаслыя зоркі падобныя на палявыя шэрыя каменьчыкі, мала каму шанцуе прыкмеціць іхняе святло.
Сонца
Бог стварыў свет і паслаў сонца, каб яно свяціла ўсім — і добраму, і ліхому. А сонца сказала, што яно хоча служыць толькі дабру. Пачуўшы гэта, Бог раззлаваўся і загадаў сонцу свяціць толькі днём, а ноччу, калі гуляюць ліхадзеі, не паказвацца на неба.
Нябесныя вароты
На сонцы часам бываюць нейкія плямы, падобныя на вароты. За гэтымі варотамі расце райскі сад, дзе жывуць анёлы і святыя. Сонца заўсёды пазірае на ўсіх ласкава, як матка на сваіх дзяцей. На яго нельга сварыцца, рабіць штосьці гідкае, бо гэта — найвялікшы грэх.
Зарніца і Вячэрніца
Раніцай і вечарам з’яўляецца Венера або Мілавіца, як завецца яна інакш. Ранішняя Мілавіца — гэта Зарніца, а вечаровая — Вячэрніца. Зарніца — вельмі ясная зорка, яна пабуджае людзей да працы, а Вечарніцу Бог пасылае зірнуць, што адбылося днём, пакуль зямлю не ахінула начная цемень.
Вялікі Воз
Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы сяляне называлі Стажар’ем, што азначае падмостак, зроблены пад стог сена. А яшчэ кажуць, што там стаіць Вялікі Воз, запрэжаны мядзведзямі.
На гэтым возе напрыканцы свету будзt ездзіць сатана і вучыць людзей, каб яны адракліся ад Бога.
Зорны кол
Непадалёку ад Вялікага Воза раскінуўся Малы Воз, больш вядомы цяпер як Малая Мядзведзіца. У Малым Возе найбольш прыкметная Палярная зорка. Яна заўсёды стаіць на адным месцы, нібыта Зорны кол, да якога прывязаны ўсе астатнія зоркі.
Сіта
Сіта ці Сітка — старадаўняя народная назва сузор’я Пляяды. Кажуць, побач з гэтымі зоркамі, падобнымі на запаленыя свечкі, збіраюцца душы памерлых людзей. Анёлы адсейваюць тут праведныя душы ад грэшных, каб грэшнікі не патрапілі ў рай.
Тры Касцы, Тры Каралі
Сузор’е Арыён сяляне называлі Тры Касцы, бо гэтыя зоркі знаходзяцца побач, нібы касцы, якія косяць луг. А яшчэ Арыён называюць Тры каралі. Яны самыя першыя пакланіліся маленькаму Хрысту, які толькі нарадзіўся і ляжаў у яслях на сене.