Святлана БЫКАВА
Вясёлкавы Хлопчык
Жыў-быў на небе Вясёлкавы Хлопчык. Ён заўсёды быў вясёлым, а злыя і змрочныя думкі не маглі існаваць у яго светлай галоўцы, як не можа быць
цемры ў промнях Сонца.
Домам для Вясёлкавага Хлопчыка было невялічкае воблака. Наш незвычайны герой любіў увесь свет, у якім жыў: неба і зоркі, Зямлю і жывых істот, якія насялялі яе. Ён адчуваў настрой кожнага на Зямлі. І яшчэ наш нябесны жыхар валодаў дзіўнай здольнасцю змяняць форму свайго доміка-воблака і перафарбоўваць яго ва ўсе колеры вясёлкі.
Аднойчы, калі герой нашай казкі праплываў над вёскай, у двары невялікага дома ён убачыў хлопчыка ў інваліднай калясцы. У рэчцы за вёскай купаліся дзеці і іх звонкія галасы разляталіся па акрузе. Хлопчык з самотай паглядаў у канец вуліцы і адчуваў сябе вельмі адзінокім…
Вясёлкавы Хлопчык адразу ж адчуў гэты сум, зразумеў, як кепска хвораму дзіцяці. Ён завіс над засмучаным хлопчыкам і ператварыў свой домік-воблака ў зайца, які скача па небе. Потым ён стаў па чарзе выпраменьваць усе колеры вясёлкі і фарбаваць у іх нябеснага зайца. Спачатку заяц стаў ружовым, по тым ён набыў аранжавае адценне, затым у яго раптам пажаўцелі вушы і хвост.
Урэшце рэшт заяц стаў блакітна-фіялетавым. Хворы хлопчык заўважыў чарадзейныя воблакі. З шырока расплюшчанымі ад здзіўлення вачыма ён назіраў за нябеснымі дзівосамі. А Вясёлкавы Хлопчык тым часам прадаўжаў вырабляць новыя цуды. Фіялетавы заяц пакрысе набыў абрыс жар-птушкі з чырвона-малінавым пер’ем. Праз некаторы час жар-птушка ператварылася ў паветраны карабель з пунсовым ветразем…
Хлопчык у інваліднай калясцы глядзеў на неба ва ўсе вочы, не адрываючыся. Ён зусім забыўся пра дзяцей на рацэ і сваю адзіноту. Нарэшце ён нават пачаў весела
смяяцца і пляскаць у далоні. Раней хлопчык нават і не думаў, што, гледзячы на неба, можна так весяліцца і радавацца.
А Вясёлкавы Хлопчык быў таксама шчаслі вы. Здолеў перадаць свой вясёлы настрой сумнаму дзіцяці і навучыў яго бачыць радасць у навакольным свеце.