Сяргей ПАЛІКАРПАЎ
Белахвосцiк
Маленькі, шэранькі, у норцы жыве. Вы спытаеце: чаму Белахвосцік? Гэта цікавая гісторыя.
Быў тады Белахвосцік (хай яго яшчэ так і не звалі) вельмі маленькім. Усюды бегаў, лазіў, усё яму цікава.
Аднойчы забег у дом. На стале нешта смачна пахла. “Як жа так. Пах ёсць, а ад чаго, не ведаю. Трэба паглядзець” – падумаў ён і залез на стол. На стале
стаяла міска. Малы ўчапіўся лапкамі за яе край, падцягнуўся і… чабарохнуўся прама ў смятану. Так спалохаўся, што з цяжкасцю выбраўся з міскі і уцёк да-
дому. Ўсё мышынае сямейства з радасцю адмывала мышаня, вылізваючы яго з усіх бакоў. Прыемны занятак. Бо не кожны дзень смятана сама прыходзіць
у дом. Памыць памылі, але пра хвосцік забыліся і ён застаўся белым. Таму і мышаня сталі клікаць Белахвосцік.
Белахвосцік і кот
Белахвосцік бег па сваіх мышыных справах, а насустрач яму выйшаў руды кот.
– О, якая смелая мыш! – сказаў кот, паказваючы ва ўсмешцы вострыя зубы.
– О, якая смачная мыш! – дадаў кот і выпусціў кіпцюры.
– Ах, – сказаў Белахвосцік, злёгку закрываючы лапкамі вочы, каб бачыць, што робіць кот. – Мне ўжо ўсё роўна, хто мяне з’есць.
– Што гэта значыць? – спытаўся кот.
– Ці вы, спадар кот, ці сабака, які гоніцца за мной, – адказаў Белахвосцік.
– Сабака, кажаш, – мяўкнуў кот і прыбраў кіпцюры – Ну, я пайшоў.
У мяне, бачыш, справы.
Ён ускочыў на плот і ўцёк. А мышаня пабегла далей.
Дома Белахвосцік сказаў:
– Сёння я выратаваўся ад ката.
Белахвосцік і сабака
Быў поўдзень. Сонца выглядала з аблокаў,грэла верхавіны яблынь і сліў. Дваровы сабака Шарык дагнаў рудога ката і прыціснуў яго да плота.
– Дастаў! – радасна зароў Шарык.
Побач нехта піскнуў.
– Табе чаго? – спытаў сабака ў мышаня.
– Пакуль вы ганяліся за катом, да нас у двор зайшоў суседскі сабака Хватайка.
У галаве Шарыка з›явіўся малюнак: міска і ў ёй костачка, якую выцягвае Хватайка. Шарыка як бы вецер знёс. Кот перастаў шыпець, выгінаць спіну і зіхацець вачыма. Ён уважліва паглядзеў на мышаня і сказаў:
– Ты гэта, калі што, звяртайся.
Дома Белахвосцік сказаў:
– Сёння я выратаваў ката.
Патоп
А дождж ліў і ліў. Ўсё мышынае сямейства высыпала ў двор, тамушто норку стала заліваць вада. Мышы бегалі па маленькім пятачку сушы. Яны не ведалі, што рабіць. Кот сядзеў на дрэве і задуменна глядзеў на пузырыстую ваду.
Сабака стаяў у вадзе ля будкі і назіраў, як яго пустая міска праплыла міма і спынілася ля вострава.
– Вось карабель выратавання! – прапішчаў Белахвосцік і залез у міску – Да мяне, сябры! А вось і вясло, – мышаня выцягнула з вады курынае пяро.
За адно імгненне мышыная сямейка спрытна ўскочыла ў міску і круглы карабель, кіраваны капітанам Белахвосцікам, паплыў да новай зямлі і новых прыгод.