Мастачкі Казка
Шмат гадоў таму на зямлі з’явіліся каралеўствы чатырох сясцёр: Зімы, Вясны, Лета і Восені. Кожная з іх хацела ўлады. І таму, каб сёстры жылі ў згодзе,
бацькі размеркавалі год на чатыры роўныя часткі і кожнай падарылі па часцінцы.
– Але гэта яшчэ не ўсё, – сказалі яны. – Вось вам чароўныя фарбы і пэндзлі. Цяпер вы можаце тварыць і дарыць людзям прыгажосць.
Дзяўчынкі вельмі ўзрадаваліся, прынялі падарункі і сталі чакаць, калі заўладараць, каб паказаць людзям усю сваю прыгажосць. Ішоў час, і кожная
з сясцёр па чарзе імкнулася спадабацца людзям. Зіма разводзіла свае фарбы, і ўсё навокал апраналася ў снежныя адзенні. Вясна надавала зямлі зеляніны і хараства ад вясновых кветак. Лета дарыла людзям сонца і весялосць. І толькі Восень ніяк не магла навучыцца маляваць. Раз за разам яна разводзіла фарбы, але зямля не змянялася, наадварот, усё вакол станавілася шэрым і маркотным.
Пасля апошняй спробы на вачах у Восені з’явіліся слёзы. Яна прытулілася да бярозкі і расплакалася:
– Чаму ў мяне нічога не атрымліваецца? – пыталася ў сясцёр. – Я ж таксама хачу дарыць людзям прыгажосць!
– Сястрычка, не хвалюйся! – супакойвалі Зіма, Вясна і Лета. – У цябе ўсё атрымаецца. – Хочаш, дапаможам?
– Так, вельмі хачу! – Восень аж заскакала ад шчасця.
Разам яны распырскалі фарбы, і вось ужо лісце на дрэвах і кустах зазіхацела самымі рознымі колерамі.
– Якая прыгажосць! – захоплена ўсклікнула Восень. – Дзякуй вам, мае дарагія сястрычкі! Што б я рабіла без вас?
Яна абняла сясцёр, захапіла свае фарбы і пабегла ў глыб лесу тварыць прыгажосць. Скакала, весялілася, распырскваючы фарбы.
І раптам убачыла дзяўчынку, якая стаяла і захаплялася навакольным пейзажам. Потым расклала мальберт, дастала фарбы і пачала маляваць Восень
спынілася і стала назіраць за ёй. А падышоўшы бліжэй, спытала:
– Табе падабаецца восень?
– Вядома! – адказала дзяўчынка. – Хіба можна не любіць такую прыгажосць?
Восень узрадавалася і прапанавала:
– А хочаш, я кожны год буду для цябе дрэвы ўпрыгожваць?
Дзяўчынка ўсміхнулася і згодна кіўнула галавой.
З таго часу яны сустракаліся штогод. Восень размалёўвала дрэвы і кусты, а дзяўчынка брала мальберт і пераносіла гэтую прыгажосць на палатно.
А калі ёй споўнілася васямнаццаць гадоў, арганізавала выставу сваіх работ пад назвай “Мастачка Восень”.