Анатоль ЗЭКАЎ
Грыбная восень
Лясная перамаўлянка
– Агу! – ляціць праз саснякі.
– Агу! – хтось адгукаецца.
Па лесе ходзяць грыбнікі
І так перамаўляюцца.
Баравік
Раздзімае шчокі, бо
Ён у лесе – цар грыбоў.
І шчаслівы той грыбнік,
Хто знаходзіць баравік.
Абабкі
З-за бяроз,
Задраўшы шапкі,
Усміхаюцца абабкі.
Столькі шапак бура-шэрых,
Аж вачам сваім не верыш!
І глядзіш так на абабкі,
Бы зайшоў у краму “Шапкі”.
Сыраежкі
З-пад травы,
Ля самай сцежкі,
Вызіраюць сыраежкі.
Шапкі адмысловыя:
Белыя, зялёныя,
Жоўтыя, бардовыя,
Сінія, чырвоныя.
Роўненька пасталі ў рад –
Пэўна, ладзяць маскарад.
Ядомы і неядомы
Носяць шапачкі чырвоныя
Два грыбы, усім вядомыя.
Смела грыб адзін зразайце,
А другі з іх не чапайце.
Хто хутчэй з вас адгукнецца
І адкажа мне, вядома,
Як ядомы грыб завецца,
А як той – што неядомы?