“Вясёлку” — у кожную школку
Сябры!
Ёсць добрая навіна. Наша “Вясёлка” перайшла пад крыло Міністэрства адукацыі Беларусі. Мара вясёлкаўцаў здзейснілася. Жывем надзеяй, што наш новы, педагагічны заснавальнік паспрыяе таму, каб часопіс “Вясёлка” быў у кожным класе пачатковай школы, у кожнай школьнай бібліятэцы, у кожнай сям’і, дзе растуць, выхоўваюцца Дзеці.
За 63 гады свайго жыцця “Вясёлка” даказала, што яна надзейны сябар беларускіх дзяцей. Яна нястомна вучыць сваіх чытачоў любіць і ведаць родную мову, паважаць дарослых, якія цярпліва вядуць вас у жыццё. Рэдакцыя, аўтары робяць усё магчымае, каб нашы чытачы любілі сваю Айчыну, раслі сумленнымі яе спадчыннікамі. Так будзе і надалей!
Добрыя традыцыі “Вясёлкі” закладзены яе пачынальнікамі – Васілём Віткам, Янкам Маўрам, Эдзі Агняцвет, Артурам Вольскім, Сяргеем Грахоўскім, Алесем Пальчэўскім. Рэдакцыя згуртавала вакол сябе і сённяшніх лепшых дзіцячых пісьменнікаў. Яны ўжо прапанавалі свае творы на новы, 2021 год. Вас чакаюць займальныя апавяданні, казкі, вершы, загадкі, смяшынкі, гульні.
Рэдакцыя аб’яўляе творчы конкурс “Мая Беларусь”. Пераможцы атрымаюць прэміі і каштоўныя падарункі.
У новым годзе рэдакцыя пачне цікавы праект “Урокі “Вясёлкі”. Іх будзе весці вядомы педагог, член нашай рэдкалегіі Ірына Аляксандраўна Буторына. Яе ўрокі дапамогуць нашым сябрам заглыбіцца ў гісторыю часопіса, захапіцца чытаннем твораў нашых аўтараў, актыўна ўдзельнічаць у гульнях, спектаклях, конкурсах. А яшчэ “Вясёлка” запрашае вучняў у свой рэдакцыйны музей Васі Вясёлкіна. Тут сабрана шмат цікавых рэчаў з летапісу часопіса. Можна ўбачыць і пагартаць нумары “Вясёлкі”, якія чыталі вашы мамы, таты, бабулі і дзядулі.
Фотаздымак з Васем Вясёлкіным, кнігі і часопісы з аўтографам, конкурс на лепшае чытанне вясёлкаўскіх вершаў – усё гэта ўкінецца ў вашу памяць на доўгі час.
Даваце моцна сябраваць. А для гэтага трэба абавязкова выпісаць на пошце “Вясёлку”, чытаць яе ад першай да апошняй старонкі, заходзіць на наш сайт.
Сябры не падводзяць адзін аднаго.