Выйшла кніга Уладзіміра Ліпскага!
Не голас, сэрца прамаўляе гэтыя словы, –
з любоўю, з гонарам, з душэўнай пяшчотай.
Тут – наша гісторыя.
Тут – мае карані.
Тут – напеўная родная мова.
Тут – жывём мы!
Так пачынае свой твор Уладзімір Ліпскі. Так пачынаецца і любоў да сваёй Радзімы.
У выдавецтве “Адукацыя і выхаванне” пабачыла свет выданне кнігі “Я тут жыву”. Гэта не проста мастацкі твор, гэта сапраўдная энцыклапедыя Беларусі ў вершах і малюнках. Багацце і ўпрыгожанне выдання – цудоўныя карты, зробленыя рознымі мастакамі.
Хочаш даведацца пра гербы гарадоў – шукай іх на маляўнічай карце ў раздзеле “Гербы гарадоў Беларусі”.
Цікавішся, дзе нарадзіўся Уладзімір Караткевіч, адкуль родам быў Васіль Вітка, дзе першыя гады дзяцінства жылі Якуб Колас і Янка Купала? Шукай
“Казачную Беларусь”!
Мабыць, у цябе ёсць інтарэс да тэхнікі? У выданні ёсць карты беларускай чыгункі, завода БелАЗ з самымі вялікімі самазваламі, Мінскага метрапалітэна.
Любіш наведваць славутасці? “Я тут жыву” можа стаць для цябе цудоўным даведнікам. З ім ты будзеш вандраваць па нашай краіне цікава і карысна.
Ты даведаешся, колькі відаў птушак жыве ў Нацыянальным парку “Прыпяцкі”, якія рэкі ўпадаюць у вялікае і магутнае Дняпро, што лічыцца сталіцай нафты на Беларусі. і многае іншае.
Аздобленае малюнкамі талентавітых мастакоў, гэта выданне стане добрым сябрам. У кнізе шмат рэбусаў, цікавых заданняў, красвордаў. Аформілі выданне мастакі Валянціна Чэпік, Аксана Аракчэева, Ігар Ліпскі, Ілля Пушкар, Віталь Дударэнка.