Уладзімір ЛІПСКІ
ЗАГАДКАВЫ ЧАЛАВЕЧАК
Маленькая аповесць пра вялікія тайны.
Як Антонік-Понік маляваў чалавечка
Антонік-Понік чырвоным алоўкам намаляваў кружок.
Галава!
У кружку паставіў дзве кропкі.
Вочы!
Ніжэй кропак – маленькі кружочак.
Нос!
Пад ім – кароткую рыску.
Рот!
З двух бакоў кружка – кручкі.
Вушы!
Зверху кружка – іголкі.
Валасы!
Знізу – палачку.
Шыя!
Пад ёй – новы кружок.
Жывот!
З бакоў – вілы.
Рукі!
Унізе – два кіёчкі.
Ногі!
Каго намаляваў Антонік-Понік?
Чалавечка!
Правiльная галава
Бяжыць унук да дзеда, пытае:
— У майго чалавечка правільная галава?
Дзед пільна паўзіраўся ў малюнак, сказаў:
— Галава ў твайго чалавечка намалявана добра. А ці правільная, ці разумная, не ведаю.
— А розум ва ўсіх бывае?
— У кожнага чалавека ў галаве ёсць мозг. Ён — наш камп’ютэр. Адказвае за ўсё, што мы робім.
— Няўжо за ўсё?
Дзеду спадабалася ўнукава цікаўнасць, і ён пачаў цярпліва тлумачыць:
— Вось ты задаў мне пытанне. Яно спачатку ўзнікла ў тваім мозгу. Ён
падабраў патрэбныя словы, даў каманду языку, голасу і агучыў іх. Так я
даведаўся, што ты хочаш спытаць. Цяпер уключыўся мой мозг. Ён адказвае табе. А ў гэты час твой мозг дае працу вушам. Слухае і дапамагае табе зразумець мяне…
— Як цікава! — усклікнуў Антонік-Понік.
— А калі цікава, то падумай, што азначае бацькава павучанне: “Усё трэба
рабіць з розумам”.
— Трэба берагчы цацкі. Мыць рукі перад абедам…
— Добра, а што азначае бабіна прымаўка: “Трэба розуму набрацца”?
— Навучыцца чаму-небудзь добраму.
— Ну, унучак, калі ты такі разумны, то падумай, чаму дарослыя кажуць:
“што галава, то розум”, “ён ходзіць на галаве”, “трэба мець галаву на плячах”, “адна галава добра, а дзве — лепш”?