ХУНЬ СУНЬТАА
Чарадзейны пэндзлік Ма Ляна
Казка
Даўным-даўно жыў адзін хлопчык, якога звалі Ма Лян. Яму з дзяцінства падабалася маляваць, але іх сям’я была такая бедная, што ў дзіцяці не было нават пэндзліка.
Калі хлопчык нарыхтоўваў у гарах дровы, ён браў галінкі дрэў і вучыўся маляваць птушак на зямлі. А прыходзіў да ракі касіць траву, браў карэньчыкі, макаў іх у ваду і каля берага вучыўся маляваць рыб. Прайшлі гады, і ўмельства Ма Ляна істотна вырасла – намаляваныя птушкі ледзь не спявалі, а рыбы ледзь не плавалі. Але ў Ма Ляна ўсё
яшчэ не было пэндзліка. Ён думаў, як добра было б мець хаця б адзін пэндзлік! Аднойчы вечарам Ма Лян задрамаў дома. Раптам з’явіўся стары з белай барадой. Ён даў Ма Ляну пэндзлік і сказаў: “Гэта чарадзейны пэндзлік, трэба карыстацца ім з розумам!” Ма Лян прыняў падарунак і ўбачыў, што пэндзлік зіхаціць золатам. Ён узрадавана ўскочыў з ложка і ўсклікнуў: “Дзякуй табе, дзядуля…” Ма Лян яшчэ не дагаварыў, а стары з белай барадой ужо знік. … Ма Лян спалохаўся і адразу прачнуўся, працёр вочы і зразумеў, што гэта
быў сон. Аднак пэндзлік усё ж быў у яго руцэ. Ма Лян узяў пэндзлік і намаляваў птушку. Тая ўзмахнула крыламі і паляцела. Пасля Ма Лян намаляваў рыбу. Яна ўдарыла хвастом і паплыла. Ма Лян вельмі ўзрадаваўся і сказаў: “Які цудоўны, чарадзейны пэндзлік!” Ён кожны дзень у вёсцы дапамагаў бедным – маляваў карціны. Хутка пра такія чароўныя справы пачуў адзін багаты чалавек. Ён злавіў Ма Ляна і паспрабаваў прымусіць яго маляваць для сябе. Ма Лян не пагадзіўся. Тады багач зачыніў яго на стайні і не даваў ні есці, ні піць.
Пад вечар пачаўся моцны снегапад. Багач падумаў, што калі Ма Лян не памрэ з голаду, то акалее да смерці. Багач прыйшоў на стайню, зазірнуў праз шчыліну ў дзвярах і абамлеў ад здзіўлення. Ма Лян не толькі не памёр, ён еў гарачыя аладкі і грэўся каля вогнішча. Багач здагадаўся, што печ і яду Ма Лян намаляваў з дапамогай чарадзейнага пэндзліка. Тады ён паклікаў людзей, каб сілай забраць яго ў Ма Ляна. Але Ма Лян намаляваў лесвіцу і ўцёк. Калі юны мастак пакінуў сядзібу багача, то зразумеў, што ў вёску вяртацца нельга. Ма Лян намаляваў каня, залез яму на спіну і адправіўся ў дарогу.
Не паспеў ён ад’ехаць далёка, як пачуў за спінай шум. Ма Лян абярнуўся і ўбачыў, што багач скача за ім на чатырох конях, а ў руках трымае меч. Вось-вось дагоніць! Ма Лян хуценька намаляваў лук і стралу, нацягнуў цяціву і стрэліў у багача. Прышпорыўшы каня, ён ва ўвесь дух паскакаў далей. Аднак шыла ў мяху не схаваеш. Вельмі хутка пра чарадзейны пэндзлік даведаўся імператар. Ён адправіў людзей схапіць Ма Ляна і прывезці ў сталіцу. Ма Лян ведаў нямала выпадкаў, калі імператар крыўдзіў бедных людзей. Ён вельмі раззлаваўся і вырашыў, што абавязкова нешта намалюе для імператара. Спярша імператар паклікаў яго намаляваць дракона, а Ма Лян намаляваў гекона, вялікую яшчарку. Затым імператар сказаў намаляваць фенікса, а Ма Лян намаляваў ворана. Тады імператар загадаў сваім людзям забраць у Ма Ляна чарадзейны пэндзлік, а яго самога кінуць у астрог. Атрымаўшы пэндзлік, імператар сам пачаў маляваць. Аднак намаляваная ім залатая гара аказалася грудай звычайнага камення, а кавалкі золата – пітонам. Нічога не заставалася імператару, як выпусціць на волю Ма Ляна. Ён загадаў намаляваць грашовае дрэва. Ма Лян усім сэрцам захацеў вярнуць чарадейны пэндзлік, таму і прыкінуўся, што згодны. Імператар вельмі ўзрадаваўся і адразу аддаў Ма Ляну пэндзлік. Ма Лян намаляваў мора. Імператар раззлаваўся: “Хто прасіў цябе намаляваць мора!» Тады Ма Лян намаляваў у цэнтры мора маленькі востраў з грашовым дрэвам. Імператар убачыў тое дрэва і загадаў: “Хутчэй малюй човен! Я хачу даплыць да вострава і стрэсці з дрэва грошы!” Ма Лян намаляваў драўляны човен і вецер. І імператар адплыў. Але не быў задаволены, таму што лодка плыла вельмі марудна, і закрычаў: “Зрабі вецер мацнейшым! Зрабі вецер мацнейшым!” Ма Лян зрабіў вецер больш моцным. Човен хутка паплыў да цэнтра мора. Ма Лян дадаў ветру, і драўляная лодка загайдалася. Тады імператар закрычаў: «Болей не трэба ветру!” Ма Лян зрабіў выгляд, што нічога не чуе. Ён няспынна маляваў вецер. Лодка небяспечна нахілілася, і імператар без супынку крычаў: “Вецер вельмі магутны! Лодка зараз перакуліцца! Болей не малюй!..” Ма Лян не звяртаў на яго ўвагі і працягваў маляваць вецер. І вось вецер стаў такім моцным, што лодка перакулілася і патанула разам з імператарам.
Пераклад Настассі Аляшкевіч,
Веранікі Карлюкевіч, Алеся Карлюкевіча