ЯК ЧЖУАНЦЗЫ ПАЗЫЧЫЎ РЫС
З «Гісторый кітайскай мудрасці»
Дазвольце вам прадставіць: Чжуанцзы, калі хто яшчэ не чуў пра яго, – гэта вядомы філосаф эпохі Вёснаў і Восеней Уплыў яго вучэння на грамадства і навуку заўсёды быў досыць
вялікі. Напэўна, у тыя даўнія часы нельга было знайсці другога такога мудраца, як Чжуанцзы. І ўсё ж сям’я мысляра так бедавала, што часта ў хаце не было і жменькі рысу, каб пакласці ў кацёл. Складана ім жылося, што і казаць.
Аднойчы, калі вецер нядолі зноў вымеў усё ў хаце беднага філосафа, Чжуанцзы пайшоў пазычыць крыху рысу да Лань Хэхоў, якога даўно ведаў. Лань Хэхоў – сярэдняй рукі чыноўнік, ён даглядаў за мясцовымі воднымі каналамі.
Як толькі Лань Хэхоў пачуў, што да яго прыйшоў сусед, ён запрасіў філосафа да сябе ў пакой.
Чжуанцзы пераступіў парог і адразу пачаў няўпэўнена расказваць аб прычыне свайго візіту. Мудрэц спадзяваўся на дапамогу гаспадара. Лань Хэхоў наадварот быў вельмі спакойны і адказаў суседу: “Калі ўжо спадар Чжуанцзы асабіста просіць, хіба магу я адмовіць? Якія могуць быць пытанні, я пазычу вам рысу”. Чжуанцзы расчуліўся. І толькі ён сабраўся падзякаваць, як Лань Хэхоў працягнуў, але тон яго нечакана змяніўся: “Але, мой паважаны сусед, трэба, зразумела, пачакаць да восені, калі я збяру ўраджай. Тады і пазычу”. Словы даглядчыка каналаў раззлавалі Чжуанцзы. Ён адчуў, што з яго вырашылі жорстка пажартаваць. У паветры павісла паўза. Лань Хэхоў з выклікам паглядаў на госця, чакаючы, пакуль яго гнеў вырвецца вонкі. Але не дачакаўся…
Чжуанцзы падумаў і звярнуўся да Лань Хэхоў з наступнымі словамі: “Шчыра дзякую за такую ласку. Тое, што вы пазычыце мне рысу, палегчыць мой сённяшні клопат. Хачу расказаць вам адну гісторыю…”
Здзіўлены спакоем і ўпэўненасцю філосафа, Лань Хэхоў падазрона запытаўся: “Якую?”/ Чжуанцзы пачаў свой аповед: “Па дарозе да вас я пачуў, як нехта кліча на дапамогу. Зірнуў па баках – нікога няма. Прыгледзеўся. Аказалася, што гэта маленькая рыбка ў лужыне перад вашай хатай слабым галасочкам просіць, каб яе выратавалі ад немінучай смерці. Я пацікавіўся, як рыбка туды патрапіла. І вось што яна мне расказала… Плавала яна сабе ва Усходнім моры, пакуль яе не вылавілі і не прывезлі сюды, каб прадаць на кірмашы. Але рыбку разам з вадою выплеснулі на калдобістую дарогу. Так яна патрапіла ў вашу лужыну. Ды вада ў лужыне хутка высахне. Нядоўга ёй засталося жыць, яшчэ які дзень – і рыбка
памрэ. І таму, калі рыбка мяне ўбачыла, ёй нічога не засталося, каб папрасіць аб дапамозе. Я – апошняя яе надзея”. Лань Хэхоў усхвалявана прамовіў: “ І што ж ты зрабіў?”. Чжуанцзы ў адказ усміхнуўся: “ Калі яна звярнулася да мяне па дапамогу я, канешне ж, адгукнуся. І папрасіў пачакаць, пакуль я з’езджу на Поўдзень да уладароў княстваў У і Юэ ды параюся з імі, як правесці да нас ваду з ракі Сіцзян. А пасля пераправіць цябе па каналах дадому, ва Усходняе мора”. Лань Хэхоў з гэтага толькі рассмяяўся: “Памыляешся, філосаф… Калі ты збіраешся весці перамовы з уладарамі княстваў У і Юэ аб пераводзе вады з ракі Сіцзян сюды, гэта проста курам на смех. Рыбка ў лужыне і так хутка памрэ, дастаткова напоўніць лужыну вадой – вось табе і паратунак. Навошта марнаваць гэтулькі сіл, каб прывесці сюды ваду з такой далёкай старонкі? А калі пайсці тваім шляхам, то не паспееш ты выправіцца ў дарогу, як рыбка памрэ. Дык хіба яна дачакаецца цябе? Твае прапановы падаюцца поўнай бязглуздзіцай. Ха-ха-ха-ха, ну і рассмяшыў
ты мяне!..” Чжуанцзы сарамліва ўсміхнуўся: “Так, рыбка, якая толькі што са мною размаўляла, канешне, памрэ і не дачакаецца, пакуль вада прыйдзе з далёкай краіны. Марнай будзе мая дапамога”. Лань Хэхоў паглядзеў на твар мысляра і аслупянеў ад гэтых слоў свайго госця. Праз якую хвіліну ён зразумеў, што меў на ўвазе яго мудры сусед. Калі Чжуанцзы гаварыў пра выратаванне рыбкі такім складаным шляхам, ён насамрэч кпіў з недарэчнай хітрасці даглядчыка водных каналаў.
Лань Хэхоў пачырванеў, зразумеўшы, што расчараваў філосафа. Ён паспяшаўся хутчэй павініцца. І тут жа загадаў падрыхтаваць мех рыса для мысляра і яго сям’і. Усе ведаюць ісціну: “З далёкай ракі не нап’ешся вады”. Таму і ў Лань Хэхоў не атрымалася накарміць галоднага суседа рысам з ураджаю будучай восені…
Пераклад Алеся Карлюкевіча,
Веранікі Карлюкевіч