АНАТОЛЬ ЗЭКАЎ
Вавёрка і Крот
П’еса-казка
Дзейныя асобы:
КАЗАЧНІК, ВАВЁРКА, КРОТ.
КАЗАЧНІК. Даўно гэта было ці не, таго не ведае ніхто. Жыла Вавёрка ў дупле — шыкоўнае было дупло. Бадай, што лепшае на свеце, бо не залятаў сюды дзікун-вецер, як і ніводнай дажджынкі не трапляла — хіба што сонейка зазірала ды Вавёрцы прывітанне пасылала. А заадно і вавёрчаняткам на радасць.
Але што пра гэта згадваць? Бо казка наша не пра дупло, а пра тое, што ў ім было.
З’яўляецца Вавёрка.
ВАВЁРКА. Вось арэшкі – вавёрчаняткам пацешкі. Вось жалуды, каб карміцца ў халады. А вось у куточку ляжаць сушаныя грыбочкі. Іх нанасіла я цэлую горку. Недарэмна скакала па нізінах ды пагорках, туды-сюды зазірала, грыбочкі збірала, а з арэхавых кусточкаў арэшкі абтрасала. І ўсё гэта ў дупло цягала. Каб потым зімою снежнай было і ўлежна, і ўежна. І сабе, і вавёрчаняткам-дзеткам.
З’яўляецца Крот.
КРОТ. Прывітанне, сяброўка-вавёрка! Усё шчыруеш, усё скачаш па дрэвах ды пагорках? І ўсё ў дупло цягаеш то арэхі, то грыбочкі? Мо і адпачываеш толькі ночкай?
ВАВЁРКА. А ты ўсё рыеш-капаеш, усё нейкі клад шукаеш?
КРОТ. І знайду. Абавязкова. Вось памянеш маё слова. Клад адшукаю – буду жыць не тужыць, на баку ляжаць і песні спяваць. Рыдлёўку назаўжды закіну – навошта гарбаціць спіну, калі без турбот дабро само пальецца ў рот.
ВАВЁРКА. І чаму ты, Крот, дурны, як бот. І калі ты возьмешся за розум, узважыш усё цвяроза ды зразумееш, што лепш зрабіць на зіму ўласны склад, чым шукаць дармовы клад. Ох, і хопіш бяды, калі падзьмуць халады. І не смейся з мяне, працаўніцы. Зімой памянеш яшчэ, дурніцу, калі пакладзеш зубы на паліцу. Кажу табе сур’ёзна: займіся лепш нарыхтоўкай, пакуль не позна.
КРОТ. Скажу табе чын па чыну: знайду клад – і не загіну. Буду зімаваць і ўсяго ў мяне будзе хапаць без меры. На сняданак, абед і вячэру.
ВАВЁРКА. Во заладзіў! Паглядзім-паглядзім…
КАЗАЧНІК. Так і восень праляцела, а неўзабаве зіма накрыла коўдрай белай сасновае голле ды ўсё наваколле. Марозна, снежна, але што з таго Вавёрцы, калі ёй у дупле ўлежна. Лускае сабе арэшкі, толькі шкарлупінкі кідае ўніз на снег. Аж бачыць: Крот падбег. Сеў пад сасонкай стромкай і заплакаў горка-горка.
КРОТ. Дапамажы, Вавёрка, кінь на зубочак хоць адзін грыбочак! Хоць арэшка чацвярцінку кінь на сцяжынку, бо макавай расінкі з тыдзень не было ў роце, ад голаду пухне жывоцік.
ВАВЁРКА. А чаго ж ты, брат, так аслаб, няўжо не знайшоў клад-скарб?
КРОТ. Вой, не пытай. Толькі час убухаў. Дарэмна, вой, дарэмна цябе не паслухаў.
ВАВЁРКА. Эх, бедны, бедны, пракапаўся ўсё лета. Усё клад-скарб шукаў. Аднак і скарб не адшукаўся, і на зіму галодны застаўся. Так і быць, сыпну таго-сяго табе з сасны, каб дацягнуў да вясны. Арэшкаў ды грыбочкаў скіну, не дам суседу загінуць. Толькі ведай: няхай табе гэта будзе добрым урокам на наступнае лета.
КРОТ. Дзякуй, Вавёрачка, за тваю дабрыню і спагаду. Як я рады, як я рады. За ўсё, што зрабіла для мяне ты сёння, век буду помніць. А на наступную зіму сам сабе ежы нарыхтую. І цябе пачастую.
КАЗАЧНІК. Вось такая казка, дзеці. Хай яна без прынукі будзе ўсім вам навукай, што той і мае, хто сам дбае.