ТАЦЦЯНА ШЫДЛОЎСКАЯ
Дамок для кніжкі
У парку на лавачцы ляжала забытая некім кніжка. Ніхто да яе не падыходзіў. Кніжка памятала, што яе чытала мама сваёй дачушцы. Пасля дзяўчынка адбегла, мама за ёй. А пра кніжку забыліся.
Самотна і страшна кніжцы. Дождж можа сапсаваць старонкі, а дворнік – выкінуць яе ў сметніцу. Кніжка ледзь не плакала.
Набліжаўся вечар. Кніжцы стала так адзінока, так боязна, што яна затрымцела ўсімі сваімі старонкамі.
Але тут раздаўся звонкі дзіцячы голас:
– Тата, паглядзі, забытая кніжка. І такая прыгожая! У ёй шмат малюнкаў і, напэўна, цікавых гісторый. Давай забяром яе і пачытаем увечары.
Мужчына падышоў да лавачкі, узяў кнігу ў рукі.
– Так, добрая кніжка.
– Але ж нехта яе забыўся і, магчыма, будзе шукаць, – засумнявалася дзяўчынка.
– Не турбуйся, сёння мы возьмем гэтую кніжку дамоў, а там я нешта прыдумаю.
Вечарам бацька з дачкой чыталі цікавыя гісторыі. І кніжка супакоілася. Яна была патрэбная людзям.
Назаўтра тата сказаў:
– Вось што я прыдумаў. Збудуем для кніжкі дамок і паставім яго ў парку. Там кніжцы будзе цёпла і ўтульна, там не дастануць яе дождж і халодны вецер. А той, хто зацікавіцца, зможа ўзяць кнігу дамоў.
– Выдатная ідэя! – узрадавалася дзяўчынка.
Неўзабаве ў парку вырас кніжчын дамок. Кніжка адчувала сябе ў ім сапраўднай гаспадыняй. Хутка ў яе з’явілася шмат сяброў. Людзі бралі кніжкі дамоў пачытаць, а ўзамен прыносілі свае.
А вы, сябры, бачылі домікі для кніг? Калі сустрэнеце, то абавязкова зазірніце туды. Не пашкадуеце!