СЕРАФІМА БЕСТАВА
Среда, 12.08.2020 10:00. Рубрика: Навіны "Вясёлкi"
Рыбакі-дружбакі
Стась з Сяргейкам – дружбакі.
Сёння з ранку – ля ракі.
І гайдаюць ціха хвалі
Два кружочкі-паплаўкі.
Стась здаволены, смяецца –
У яго шчаслівы дзень,
Бо у Стасевым вядзерцы
Сом трапечацца ў вадзе.
Ад няўдач пагаслі зоркі
У Сяргейкавых вачах,
Бо ў Сяргейкавым вядзерцы
Ані плоткі, ні ляшча.
Пацеркі
Сёння мы з сяброўкай Зінай
Дзень працуем пад рабінай.
Ягадкі пад ёй збіраем,
І на нітачкі чапляем.
У мяне цяпер і ў Зіны
Будуць пацеркі з рабіны.
З дрэва ягад не чапаем,
На зіму іх пакідаем.
Будзе птушачкам ласунак,
Ад рабіны пачастунак.