Ведай за кім пагнацца
Азербайджанская народная мудрасць
Ведай за кім пагнацца
У вялікім горадзе жылі два сябры. Ахмед марыў пабачыць грацыёзнага джэйрана, а Расім з маленства любіў казкі пра парсючкоў і вельмі хацеў сустрэцца з сапраўднай дзікай свіннёй. Аднойчы бацькі вырашылі ажыццявіць іх мары. Расім з татам выправіліся ў даліну ракі Аракс, дзе жывуць дзікі. Ахмед жа з бацькам паехалі на пошукі джэйрана. Гэтыя жывёлы вельмі асцярожныя, і мары хлопчыкаў не ажыццявіліся. Не так проста дагнаць хуткага джэйрана. А дзік удзень адлежваецца, яго не ўбачыш. Адзінае, што засталося хлопчыкам: сфатаграфавацца ў мясцінах, дзе жывуць жывёлы, якіх яны шукалі. Калі пасля вандроўкі Ахмед завітаў у госці да сябра і яны пачалі разглядаць фотаздымкі, падышоў Расімаў дзядуля, паглядзеў на зрытую дзікамі зямлю і зазначыў: “Той, хто пагнаўся за джэйранам, трапляе на квітнеючы луг, а той, хто пагнаўся за свіннёй, трапіць у бруд”.
Усё рабі ў час
Звычайна да зімы ўсе рыхтуюцца. Ежу назапашваюць, вопратку цёплую імкнуцца прыдбаць. А Рустам нібы і не ведаў, што зіма будзе. Як ужо маразы моцныя ўзяліся, пачаў шыць сабе футра. Пакуль шыў, дык і пацяплела, вясна надышла. І забыўся Рустам, як мёрз. Пасеяў пшаніцу. Звычайны занятак, якім селянін штогод займаецца. Пшаніца расце, спее. Людзі да жніва рыхтуюцца: гумно прыбіраюць, сярпы зубяць. А Рустам толькі тады, калі пшаніца паспела, пачаў свой серп зубіць. Пакуль зубіў, зярняткі пасыпаліся з каласоў. Неўраджайны год атрымаўся. Прызадумаўся Рустам ды пачаў да зімы рыхтавацца, цёплае адзенне шыць. Шые ды прымаўляе: “Шый футра ўлетку, зубі серп узімку”.
Падрыхтавала Аксана Спрынчан
Якія карысныя выкапні здабываюць у Азербайджане?
У чым унікальнасць азербайджанскай нафты, ці можна лічыць яе лячэбнай?
Праз Азербайджан праходзіў Вялікі шоўкавы шлях. Чым гандлявалі жыхары краіны?
Што азначаюць колеры азербайджанскага сцяга?
Сябры, свае адказы прысылайце ў рэдакцыю. Найбольш цікавыя лісты будуць адзначаны падарункамі ад пасольства Азербайджанскай Рэспублікі.