Запрашаем на вячоркі! (заканчэнне)
Дзяўчынка
-Ой, дзяўчаткі, паглядзіце, Юрасік ідзе, давайце яго паклічам да нас!
(Выбягаюць, пад рукі прыводзяць Юрасіка)
Песня “Гэй ты, юрачка”
Гэй ты, Юрачка,
Выхадзі да нас,
Бяры дзевачак,
Ды пускайся ў пляс.
Юрачка
Я б пайшоў скакаць,
Ручанькі баляць,
Ножанькі баляць,
Лепш пайду я спаць.
Дзяўчынкі
Гэй ты, Юрачка,
Выйдзь на ганачак,
Мы дадзім табе
Абараначак.
Юрачка
Выйду я на ганачак,
Дзе ваш абараначак?
(Дзяўчынка вешае вязку абараначак Юрачку на шыю)
Юрачка
Вось цяпер пайду скакаць
Покуль грае скрыпка,
Ручкі, ножкі не баляць,
Сярэдзінка гібка!
Васіліна
-Цяпер, хлопцы, не зявайце,
Дзяўчат у гурце выбірайце!
Юрасік
Зараз буду выбіраць
З кім мне лепей у пару стаць.
Хлопчык
А я з той пайду скакаць,
Што ўмее вышываць
Хлопчык
А я вазьму тую,
Што добра танцуе.
Хлопчык
А мне трэба тая,
Што добра спявае.
Хлопчык
А мне да спадобы тая,
Што каса тугая.
Хлопчык
А я з той пайду скакаць,
Што ўмее гатаваць.
Хлопчык
А мне да спадобы тая,
Што добра хату падмятае.
Хлопчык
А мне тая спадабалася,
Што адна засталася.
Юрасік
Гэй, музыка, зайграй,
Жару, пылу паддавай,
Зробім круг вялікі,
Скачуць чаравікі!
Цярэшка
Зайграйце, музыкі,
У мяне лапці вялікі.
Мне бацька іх сплёў
На вялікі Пакроў.
Выконваецца танец “Карапет”
(Чуецца грукат у дзверы)
Васіліна
-Яшчэ нехта спяшаецца да нас у хату. Цярэшка, ідзі паглядзі, ты маладзейшы за мяне.
Дзед Цімох
-Добры дзень у вашу хату.
Цярэшка
-А вось і дзед Цімох завітаў да нас. І табе старому дома не сядзіцца? Заходзь, калі ласка.
(У хату ўваходзіць дзед Цімох, на баку ў яго вісіць вялікая торба).
Дзед Цімох
-Якая ў цябе вялізная торба, што гэта ты ў ёй носіш?
Дзед Цімох
-А гэта ж я ў ёй вам шмат падарункаў прынёс.
Цярэшка
-Ну і дзе твае падарункі?
Дзед Цімох
-А ты паглядзі
(Цярышка глядзіць у торбу)
Цярэшка
-А ні якіх падарункаў я тут не бачу.
Дзед Цімох
-А ты што, сляпы, ці не бачыш якая там дзірка вялікая? Гэта ж іду я праз млын, а там зайцоў, зайцоў бегае. Ну дык я іх у торбу, у торбу. Вось і назбіраў поўную гэту торбу, а яны праз гэтую дзірку і паўцякалі.
Васіліна
-Ах, каб цябе, дзед Цімох.
Гэта ж трэба нам так галаву надурыць, каб разоў 200 нахлусіць!
(Дзед Цімох праходзіць і сядае на скамейку).
Дзед Цімох
-Цярэшка, людзі кажуць, што твая жонка навучылася вельмі смачна гатаваць. Праўда кажуць, ці не?
Цярэшка
-Усяк бывае, кажуць, што і каўбаса страляе. Гатаваць мая жонка навучылася добра, гэта праўда. Засталося толькі мне навучыцца есці тое, што яна згатуе.
Васіліна
-Няўжо я у цябе такая дрэная гаспадыня?
Цярэшка
-А вось зараз пабачым, якая ты ў мяне гаспадыня.
Праводзіцца гульня “Хто хутчэй паставіць гаршчок на прыпечак”(пры дапамозе вілаў)
(Першая спрабуе гаспадыня, потым гаспадыня прапануе гэта зрабіць Цярэшку. У яго гэта атрымліваецца дрэнна)
Васіліна
-Вось цяпер усе ведаюць, які ты ў мяне гаспадар.
Ой, госцейкі мае даражэнькія, я вас чакала ды пірог пякла, а гаспадар квасу нарабіў. Цярэшка, ідзі квас нясі.
(Цярэшка ідзе за квасам, а Васіліна раздае пірог і расказвае)
-Сёння мы вячоркі святкуем,
Усіх гасцей пірагом частуем,
І Андрэя, і Сашу, і Колю –
Наядайцеся ў волю.
Не ўсё ж спяваць, ды танцаваць. Кажуць так: “Будзе хлеб – будзе і песня”. І сапраўды красна хата не вугламі, а пірагамі. Цярэшка, дзе ты, хутчэй квас нясі.
Цярэшка
(Нясе збан з квасам і прыгаварвае)
-Чыжык – пыжык,
Дзе ты быў?
-На вячорках квас піў.
Выпіў квасу кроплі дзве —
Зашумела у галаве!
Вось Сярожу ды Івана
Напаю з гэтага збана.
Ну а вы, падружкі,
Падстаўляйце кружкі.
(налівае квас)
Дзяучынка
-Цярэшка, які у цябе смачны квас, як ты яго рабіў, можа рацэпт дасі?
Цярэшка
-А гэта зусім проста. Бярэш вядро вады, тры літры мёду, пуд солі, бутэльку воцату, перамешваеш усё і ставіш на паўгода на печ у цёплае месца, вось табе і квас.
Васіліна
-Што ты мелеш, такім квасам атруціцца можна.
Дзяучынка
-Дзякуй за смачны пірог ды цудоўны квас, але ужо позна, пара дамоў збірацца. Нагуляліся самі, людзей павесялілі дый работу зрабілі. Заўтра рана уставаць, ісці працаваць, бо без працы няма чаго хлеба шукаці. Давайце заспяваем напаследак.
Выконваюць песню “На вуліцы гармонь грае”
(Спяваюць усе)
На вуліцы гармонь грае,
На вуліцы гармонь грае,
А я пайду пагуляю,
А я пайду пагуляю,
Спяваюць хлопцы
У мяне шапка на баку,
У мяне шапка на баку,
А ў кішэні грошы,
А ў кішэні грошы.
Паглядзіце на мяне,
Паглядзіце на мяне,
Які я харошы,
Які я харошы.
Спяваюць дзяўчаты
У цябе ў кішэні грошы,
У цябе ў кішэні грошы,
Які ж ты харошы,
Які ж ты харошы,
На вуліцы гармонь грае,
На вуліцы гармонь грае,
Пойдзем разам пагуляем,
Пойдзем разам пагуляем.
Дзед цімох
-Бывайце здаровы,
Ды ў шчасці жывіце.
А прыйдзем у госці
Дык квасу наліце. (Пад музыку песні выходзяць)
Вядучая
-Вось і скончылася наша падарожжа ў мінулае. Мы сустрэліся з добрымі, ветлівымі людзьмі, якія ўмеюць не толькі працаваць, але і адпачываць. Настала пара і нам з вамі развітвацца. Жывіце ў згодзе і радасці, вучыцеся ў нашых продкау мудрасці, помніце іх запаветы, бо без памяці няма сумлення. Бывайце здаровы. Да новых сустрэч!
ахахах)рацэпт квасу сапраўды геніяльны))))
можа, паспрабаваць?