Падорым Дзецям сэрца
“Няма на свеце чалавека шчаслівейшага за таго, хто можа падарыць што-небудзь дзецям”
Італьянскі казачнік Джані Радары
Я часта выступаю ў дзіцячых аўдыторыях, у вялізных залах, класах, бібліятэчных пакоях. І кожным разам чую ад сваіх юных сяброў прызнанне: “Мая бабуля выпісвала “Вясёлку”, “А мая мама захоўвае “Вясёлку”, якую чытала ў маленстве”. Сапраўды, наш часопіс нельга прачытаць і адкласці на падпал у печы, ці здаць у макулатуру. Мы даруем творы мастацкія, якія могуць крануць душу і сэрца малога, патрабавальнага чытача. Вось чаму я ўкараніў у рэдакцыі для ўсіх пакаленняў супрацоўнікаў адно нязменнае правіла: трэба пазіраць не ў твар аўтара, а ў яго твор. Высокая планка патрабаванняў да вясёлкавых твораў падабаецца нашым чытачам, а сам часопіс трымае на высокім узроўні строгіх чытачоў. Пра гэта сведчыць той факт, што за год мы друкуем на старонках “Вясёлкі” да ста беларускіх аўтараў. Лепшыя з лепшых уганароўваюцца прэміяй Васіля Віткі, медалём з выяваю заснавальніка часопіса і дыпломам. Дарэчы, вось ужо болей за дзесяць гадоў я ўручаю сваю прэмію галоўнага рэдактара юным аўтарам. Вырошчваем спадчыннікаў беларускай літаратуры!
Вялізная праца для чытачоў дае нам, вясёлкаўцам, права спадзявацца, каб “Вясёлку” насіў паштальён ва ўсе сем’і, дзе жывуць, гадуюцца Дзеці. Заклінаю дарослых людзей, якія апякаюць нашых юных спадчыннікаў, — выхавальнікаў, педагогаў, бібліятэкараў, бацькоў, ідэолагаў дапамагчы здзейсніць вялікае жаданне малой “Вясёлкі”. Падорым нашым Дзецям “Вясёлку” і мы станем тымі шчаслівымі чалавекамі на свеце, пра якіх гаварыў мудры казачнік Джані Радары.
Некалькі гадоў таму мы стварылі часопі с “Буся” для дашкольнікаў. У “Вясёлцы” стала цеснавата дзвюм катэгорыям дзяцей — дашкольнікам і малодшым школьнікам. Падставай для такога рашэння сталіся чатырыста тысяч дзетсадаўцаў нашай краіны. Цэлы народ не мае свайго выдання! Вось мы і вырашылі зрабіць ім падарунак — часопіс “Буся”.
Наша мілая айчына Беларусь паступова крочыць да сваёй незалежнасці, свайго суверэнітэту. Веру, на гэтым нялёгкім шляху — беларускамоўныя дзіцячыя часопісы “Вясёлка” і “Буся” ўпэўнена і плённа працуюць па выхаванню юных грамадзян нашай краіны, якія заўтра заменяць усіх нас, дарослых. Дык давайце ўсе разам не стомімся дарыць Дзецям нашы сэрцы.
Уладзімір Ліпскі,
галоўны рэдактар часопісаў “Вясёлка”, “Буся”