Загадка прынцэсы Агнэсы
Гэта казка – сапраўдная машына часу, бо яна здольная перанесці сваіх чытачоў у глыб стагоддзяў. Той, хто хоча здзейсніць падарожжа ў часе, павінен уважліва чытаць і ўяўляць тое, аб чым я вам распавяду. Тыя, хто валодае добрай фантазіяй, прама цяпер пераносіцца ў раскошны каралеўскі палац. У вялікіх залах мітусяцца слугі, усе рыхтуюцца да дня народзінаў прынцэсы Агнэсы. Гасцей чакаецца шмат! З’едуцца розныя каралі, прынцы, імператары, цары… А ўсё таму, што адбудзецца не толькі дзень народзінаў прынцэсы-імянінніцы, але і агледзіны. Гэта тата-кароль задумаў аддаць адзіную дачушку замуж. Маўляў, ён старэе, а так хоча ўнукаў дачакацца, каб ведаць, хто пасля будзе дзяржавай кіраваць. А дзяржава ў караля магутная, вялікая і багатая. Нават каб апынулася, што ў караля зусім непрыгожая дачка, то жаніхі б усё адно ў вялізную чаргу выстраіліся, абы такое каралеўства прыдбаць. Але прынцэса была вельмі прыгожай, стройнай, разумнай. Хто ж не захоча мець такую жонку ды яшчэ з багатым пасагам? Вось і з’язджаліся ў госці ўсе-усе халастыя каралі, прынцы, імператары, цары…
– Сумна мне, Праменьчык! – уздыхала прынцэса Агнэса, гладзячы свайго любімага белага каня. – І чаму ў прынцэс такі лёс? Я хачу, каб мой жаніх кахаў мяне, а не мой пасаг, каб марыў мець вялікую сям’ю, а не вялікую дзяржаву. Каб ён быў разумны, вясёлы, шчыры. Як знайсці яго сярод такога мноства прэтэндэнтаў? Хіба такую загадку ім загадаць, каб толькі самы-самы яе і змог разгадаць.
Конь радасна фыркнуў і заківаў галавой.
– Што, Праменьчык, добра я прыдумала? – усміхнулася Агнэса.
Конь зноў зафыркаў і заківаў, быццам сапраўды менавіта гэта і хацеў сказаць сваёй гаспадыні.
– Паедзем катацца! – ласкава сказала прынцэса каню і гучна загадала слугам: – Рыхтуйце збрую! Мы з Праменьчыкам пагуляць надумалі.
У той жа момант з’явіўся грум. Юнак пачціва пакланіўся прынцэсе і выканаў яе загад. А калі яна паскакала на сваім улюбёнцы праз квяцісты луг, грум суправаждаў яе, едучы на буланым кані паводаль.
Хоць і не ўмеў Праменьчык размаўляць, але падказаў сваёй гаспадыні загадку, якую змог бы разгадаць толькі разумны і кемлівы чалавек.
Назаўтра ў палацы было шмат гасцей. І кожны з іх імкнуўся з прынцэсай пагаварыць, на танец запрасіць, побач пастаяць, падарункамі здзівіць. У Агнэсы аж галава закружылася ад такой увагі. Баль быў раскошны. Госці частаваліся, танцавалі, спявалі і вельмі імкнуліся запомніцца прынцэсе. А напрыканцы ўсе чакалі, што яна назаве свайго выбранніка. Кароль падзякаваў гасцям за падарункі, за ўвагу і даў слова любімай дачушцы. З заміраннем сэрцаў усе чакалі, чыё імя назаве прынцэса.
– Дзякую ўсім за віншаванні, танцы, падарункі! – пачала гаварыць Агнэса. – Я і хацела б парадаваць тату і сказаць, каго выбрала сваім жаніхом, але зрабіць гэты выбар вельмі няпроста. Абяцаю выйсці замуж за таго, хто выканае маё заданне. Я асоба рамантычная, таму хачу, каб мой жаніх заваяваў маё сэрца. Для гэтага яму неабходна выйграць вайну.
Усхваляваны шэпат пранёсся па зале. Гэта каралі, прынцы, імператары і цары ўстрывожыліся такой прапановай прынцэсы.
– Маім жаніхом стане той, хто пераможа ў вайне. Распачаць яе давядзецца заўтра на досвітку.
– З кім ваяваць? – гучалі галасы самых адважных прэтэндэнтаў у жаніхі.
– З варожым войскам, – адказала прынцэса. – Ваяваць вам давядзецца седзячы і моўчкі. Няхай у вашых салдат не будзе ні штыкоў, ні стрэльбаў, а ў бойку яны пойдуць наўскасяк.
– На што здатныя такія салдаты? – зашумелі каралі, прынцы, імператары і цары. – Так ваяваць немагчыма!
– Там, дзе адбудзецца гэты бой – магчыма! – упэўнена сказала Агнэса.
– А дзе ён адбудзецца? – запыталіся ахвочыя стаць жаніхом прынцэсы.
– Бой адбудзецца на полі, дзе ў клетках томяцца дзіўныя жывёлы – коні без капытоў і сланы без хобатаў.
– Якое страхоцце! – гучала з натоўпу. – І што з гэтымі калекамі рабіць?
– Той, хто захоча перамагчы, павінен будзе з’есці варожага каня і закусіць сланом, – патлумачыла прынцэса.
Каралі, прынцы, імператары і цары моўчкі лыпалі круглымі ад здзіўлення вачыма.
– Яшчэ ў вашым узбраенні будзе ладдзя, – падказала Агнэся.
– Ладдзя на полі? Ваша Вялікасць, вы нічога не пераблыталі? – запытаўся стары сусед-імператар, які таксама вельмі хацеў ажаніцца з юнай прынцэсай і атрымаць магутную дзяржаву ў дадатак.
– Не пераблытала, гэта ладдзя даволі хутка рухаецца па полі, хаця нават вёслаў не мае, – запэўніла Агнэса.
– Такая незвычайная вайна, што нельга не спытацца: а што трэба зрабіць, каб перамагчы? – запытаўся касавокі прынц далёкай краіны.
– Прабіць абарону і захапіць чужога караля! Але бойцеся яго каралевы, яна магутная і дужая! – гучна абвясціла прынцэса і дадала: – Як толькі вы здолееце ўзяць у лавушку чужога караля, над полем прагучыць “Кароль загінуў!” На гэтым вайна скончыцца, за пераможцу я і выйду замуж!
Зноў загаманілі разгубленыя каралі, прынцы, імператары і цары. Некаторыя з іх напружана разважалі над пачутым, некаторыя чухалі патыліцы і думалі дзе шукаць тое поле, некаторыя вырашылі, што нават дзеля прыўкраснай прынцэсы разам з багатым пасагам не гатовыя яны пайсці ў такі жудасны бой.
– Вар’ятка! На полі бітвы сланы з адарванымі хобатамі і коні без капытоў… Каня з’есці, сланом закусіць! Сухапутная ладдзя… Прынцэса з глузду з’ехала! Я такую жонку браць перадумаў! – паціснуў плячыма стары сусед-імператар і адразу выправіўся дадому.
Прынцэса Агнэса з палёгкай уздыхнула, бо ніяк не хацела замуж за такога жаніха. А астатнім абвясціла:
– Заўтра на досвітку чакаю таго, хто ведае, дзе згаданае мной поле бітвы і войска. Дабранач, дарагія госці!
Раніцай у каралеўскі палац ніхто не прыйшоў, бо так і не здагадаліся, з кім ваяваць і на якім полі біцца. Каралі, прынцы, імператары і цары сабраліся каля палаца, каб паглядзець, ці знойдзецца той, хто выканае дзіўнае заданне прынцэсы.
– Бачыш, татачка, няма сярод гэтых прэтэндэнтаў ніводнага разумнага і кемлівага жаніха! – уздыхнула Агнэса.
– Занадта цяжкае заданне ты задала! – усміхнуўся кароль.
– Але ты, тата, адразу зразумеў, што я загадала? – прыжмурылася прынцэса.
– Я, вядома, зразумеў, але як жа мы табе цяпер жаніха знойдзем? Сярод каралёў, прынцаў, імператараў і цароў не знайшлося такога ж кемлівага, як ты, мая разумнічка.
– Можа пашукаць у народзе? – прапанавала Агнэса.
– Простага чалавека? – здзівіўся кароль. – Калі высакародныя жаніхі не рашылі тваю задачу, хіба простыя людзі здагадаюцца?
– Вось і праверым! – сказала прынцэса.
І кароль адправіў вяшчальнікаў з заданнем Агнэсы да простага народу. Не паспелі каралі, прынцы, імператары і цары здзівіцца такому загаду, як да ганка каралеўскага палаца падышоў юнак і пастукаў у цяжкія дзверы. Высакародныя жаніхі скасавурыліся на яго, зашапталіся. На балкон, які быў прама над ганкам, выйшла Агнэса:
– Чаго стукаешся? – запыталася яна.
– Гатовы змагацца ў вайне за вас, Ваша Вялікасць! – адказаў юнак.
– У той самай вайне, пра якую я гаварыла? – усміхнулася прынцэса.
– Так, Ваша Вялікасць! – пакланіўся юнак.
– З кім будзеш ваяваць? Выбірай! – сказала Агнэса.
– Пэўна, не змагу знайсці суперніка больш сур’ёзнага, чым вы, мая прынцэса! – пакланіўся юнак.
– Ён збіраецца ваяваць з прынцэсай! Вар’ят! Кароль зараз жа здыме з плячэй яго бязглуздую галаву! – зашапталіся каралі, прынцы, імператары і цары.
Як жа яны здзівіліся, калі кароль у адказ на такую дзёрзкую прапанову толькі ўсміхнуўся і згодна кіўнуў галавой. А прынцэса Агнэса ў суправаджэнні бацькі тут жа спусцілася на ганак. Не міргаючы ўсе сачылі за тым, што тут зараз адбудзецца.
– Пачнем бітву? – усміхнулася прынцэса. – Якое войска выбіраеш? Чорнае ці белае?
– Няхай гэта вызначыць спадар Рандом! – адказаў юнак.
Усе каралі, прынцы, імператары і цары круцілі галовамі ў бакі, шукаючы вачыма таго спадара Рандома. А тым часам юнак працягнуў прынцэсе рукі, трымаючы нешта заціснутае ў далонях. Без аніякага здзіўлення Агнэса паказала пальчыкам на правую руку хлопца-дзівака.
– Ваша войска белае, Ваша Вялікасць! – адказаў юнак, зазірнуўшы ў сваю далонь.
– Пачынаем бітву! Выводзім войскі! – Абвясціла прынцэса.
Юнак расхінуў торбу, што вісела на яго плячы, і дастаў адтуль драўляную скрыню. І як толькі пабачылі яе каралі, прынцы, імператары і цары, то адразу зразумелі, што за загадку задала ім прынцэса. Полем бітвы, на якім меўся адбыцца бой, была шахматная дошка. На яе клетках з’явіліся сланы без хобатаў і коні без капытоў, роўным радам сталі салдаты-пешкі, якія сапраўды не маюць зброі і ходзяць наўскасяк. Тут жа была і ладдзя без вёслаў, ну і, вядома, кароль з каралевай.
Прынцэса і хлопец-дзівак распачалі гульню. Ваявалі яны сапраўды моўчкі і седзячы. Па дошцы рухаліся фігуры. Каралі, прынцы, імператары і цары толькі і чакалі, хто ж скажа запаветнае: “Кароль загінуў!”, ці, як належыць у шахматнай партыі “Шах і мат!”
Доўга працягваўся гэты бой, супернікі былі аднолькава дужыя. Не ўдалося каралям, прынцам, імператарам і царам пабачыць здалёк, хто чыйго каня з’еў і сланом закусіў. Не прагучала і “Шах і мат!” У гэтай партыі была нічыя.
– Хто ты, юнак, якога не здолела абыграць мая дачка? – запытаўся кароль.
– Ян, грум з вашай стайні, Ваша Вялікасць! – пакланіўся юнак.
– Дзе навучыўся ты так гуляць у шахматы, Ян? – ціха запыталася Агнэса.
– З маленства мы з татам гулялі, – адказаў грум.
– Як і мы! – адказала прынцэса, тулячыся да свайго бацькі.
– Калі спадабаўся ты маёй дачцэ, то я дам згоду на шлюб! – гучна сказаў кароль.
Зараз усе позіркі скіраваліся на Агнэсу. Яе шчокі заірдзеліся, доўгія вейкі апусціліся, хаваючы вочы.
Насамрэч яна адразу пазнала грума са стайні. З дзяцінства бачыла яго, непрыкметна назірала, як ён скакаў за ёй паводаль пад час яе конных прагулак. І яе любімага Праменьчыка ён сумленна даглядаў, конь давяраў яму. А так бывае толькі тады, калі чалавек добры, жывёлы гэта адчуваюць.
– Разумны, кемлівы… спадабаўся… – прашапацела прынцэса.
Ян стаў на адно калена і пацалаваў руку Агнэсы.
– Прынцэса выходзіць замуж! – абвясціў кароль. – Рыхтуемся да вяселля!
– Просты грум атрымаў у жонкі прынцэсу, багацце і вялікую дзяржаву! – нягучна сказала Агнэса. – Ты, пэўна, вельмі рады такой удачы!
– Мая нявеста падабаецца мне даўно. Яе пасаг не мае для мяне значэння, я буду шчаслівы мець вялікую сям’ю, а не дзяржаву, – адказаў Ян.
І прынцэса Агнэса зразумела, што сустрэла жаніха, аб якім марыла.
На іх шыкоўным вяселлі гуляла ўсё каралеўства. Гасцямі сталі і ўсе каралі, прынцы, імператары і цары, якія толькі ўздыхалі, зайздросцячы простаму груму. Апроч таго, усе яны захацелі навучыцца гуляць у шахматы, бо даведаліся, што гэта гульня робіць чалавека разумным і кемлівым. І ўвогуле, у жыцці такое ўменне можа спатрэбіцца.
Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ
Мудро, современно, сказачно и поучительно. Как и всегда в сказках Екатерины. Напрашивается анимационная экранизация 🙂 Замечательный мультфильм получится!