Слава Вялікай Перамозе!
Максім ТАНК
– Загінула маці, разбурана хата, –
Прысеўшы на траўцы, хлапчук расказаў.
І зноў мы адчулі, былыя салдаты,
Як глыбака боль сэрца нам пранізаў …
Я ўпэўнен, ён вырас пад сонцам Радзімы
І, можа, забыў перажытыя дні.
Адно не магу я забыць, як тады мы
Сустрэліся з ім на дарогах вайны.
Пімен ПАНЧАНКА
Заціхнуць бітвы. Вораг будзе знішчан,
І дзеці прычакаюць таго дня,
Калі з-пад воблака ўпадзе на папялішчы,
Як цёплы дождж, густая цішыня.
Нясмела з хат яны ў поле выйдуць,
Каб першы раз спакойна ў жыцці
Палюбавацца родным краявідам,
Паслухаць звон рачулкі у трысці…
Мікола ЧАРНЯЎСКІ
Усё часцей
І іх вайна знаходзіць –
Запомніла, хоць і былі малымі.
Сыны палкоў
Памалу адыходзяць,
Услед
За пабрацімамі сваімі.
У дол пясчаны,
У падзол,
Суглінкі,
За гарадскую ўскраіну,
За вёску,
Пакінуўшы, як памяць, фотаздымкі,
Пажоўклыя ад часу,
Як ад воску.
На іх – яны,
Сыны палкоў, падлёткі,
Глядзяць вачамі, замглёнымі журбою.
Запылены пагоны і пілоткі,
Як і ў байцоў,
Што толькі вышлі з бою.
Сціскаюць зброю
Чэпкімі рукамі,
Рашучыя,
Падцягнутыя строга:
Былі палкі гвардзейскія –
Бацькамі,
Матуляю ж была ім –
Перамога.
Віктар КУДЛАЧОЎ
Была вясна,
Цвіў бэз ля хат.
Дамоў з вайны вярнуўся брат.
“А тата дзе?
Мой тата дзе?” –
Я ўсіх распытваў кожны дзень.
“Загінуў тата на вайне, –
Сказала сумна мама мне,
Слязінкі выцершы з вачэй. –
Ты падрастай, сынок, хутчэй”
А я не верыў,
Я чакаў,
За вёску часта выбягаў,
Стаяў, удалячынь глядзеў:
Сустрэцца з татам
Я хацеў.
З рускай пераклаў Мікола Чарняўскі.
Казімір КАМЕЙША
Поле роўнае,
Поле роднае –
Успаміны барознамі паплылі.
Помніш, птушкі былі галодныя –
Нават зоркі ўсе ў небе здзяўблі.
Высыхала Уса,
Млеў мялючы Нёман,
Толькі душы ў людзей не мялелі зусім,
І бацькоўскую вечную цяжкую стому
Перакладваў на плечы худзенькія сын…
Ліставеюць лясы, і рунеюць палі.
Сто гадоў пражывём мы –
Здзіўляцца не трэба, –
Калі тыя чатыры гады пражылі.