ПРА ГЕНІЯ І МОНСТРЫКА ПСТРЫКА
Раіса Баравікова
Аповесць-казка
(Працяг)
Бабуля і меч
Бабуля стаяла на лесвіцы. І Мікіта ледзь не збіў яе з ног, так імкліва кінуўся ў абдымкі да бабулі. Павіснуў у яе на шыі і прашаптаў:
– Я вельмі цябе чакаў. Ты не паверыш, у мяне з’явіўся сябар. Ён там, у маім пакоі, гэта – сіні монстрык!
– Які жах! Беднае дзіця! Табе ўсё нейкіх монстрыкаў купляюць!
– Ён не куплены, – патлумачыў Мікіта. – Монстрык падушкавы!
– Які-які? – перапытала бабуля.
– Падушкавы! – паўтарыў Мікіта. – Ён на падушцы.
Яны ўжо спусціліся з лесвіцы. Малая Дашка тут жа падбегла да іх з лялькаю ў руках, замахала ёй перад Мікітам:
– А ў мяне лялька! У яе зялёныя валасы. Ага-а! Ага-а! Мая новая лялька! Яе мне бабуля прывезла!
Мікіта запытальна паглядзеў на бабулю, і бабуля сказала:
– Не хвалюйся, для цябе таксама ёсць падарункі. Па-першае – ЛЕГА, у цябе такога няма! А па-другое – куплены дзедам меч, які ты пазаўчора пакінуў у нас!
– Ура-а, мой меч! Дзе мой рыцарскі меч?!
Меч ляжаў на канапе. Мікіта тут жа схапіў яго і замахаў ім:
– Жа-а-ах! Жу-у-ух! Жы-ы-ых!
З кухні выйшла мама Ліна:
– А гэта яшчэ што такое?! Мікіта, меч – не для дома, ён – для вуліцы! Там ім будзеш размахваць!
– Ліначка, супакойся, – адазвалася бабуля. – Гатуй абед, сваімі справамі займайся. Мікітка зараз пакладзе меч. А мы нешта пачытаем. Праўда, Дашачка?
Даша кіўнула галавою, і бабуля папрасіла яе:
– Бяжы, дастань з маёй сумкі кніжку, якую я таксама прывезла для вас.
Даша пабегла па кніжку, а бабуля з Мікітам селі на канапу.
– Добра, – сказала мама. – Чытайце! Абед будзе гатовы праз паўгадзіны.Яна вярнулася на кухню, а бабуля, як толькі Даша прынесла кніжку, перагарнула некалькі старонак і пачала чытаць:
Зубр магутны пад гарой
вострыць рогі, ён – герой!
Пасябруе ён са мной
буду я – …
Бабуля зірнула на Мікіту:
– Ну, давай… Што далей? Ты ж у нас Геній! Скажы ў рыфму.
Мікіта падумаў і гучна выгукнуў:
– Жыць пад гарой! – Ён паглядзеў на Дашу і дадаў: – З Зубрам і з Дашкай!– Я не хачу жыць з Зубрам пад гарою, – Даша надзьмулася і закрычала: – Мама! Мама! Мікіта хоча, каб мы з ім жылі з зубрам! Я хачу жыць з вамі, дома!
Бабуля абняла Дашу, прыгарнула да сябе:
– Ты спалохалася, дзіцятка? Не бойся, Мікіта ўсё сказаў няправільна. У кніжцы па-іншаму напісана.
– А як напісана ў кніжцы? – запытаўся Мікіта.
І бабуля нечакана падхапілася з канапы, узяла ў рукі меч і, высока ўзняўшы яго, пракрычала:
Пасябруе ён са мной,
буду я – супер-герой!
Яна ўзмахнула мячом раз, другі, трэці:
– Жах! Жых! Жух!
– Дзы-ы-ынь! – дзынькнула ў адказ люстра, падвешаная да столі.
І амаль тут жа з кухні выбегла маці:
– Што тут робіцца?! Ма-а, ты толькі што ледзь не збіла са столі люстру!
Бабуля нічога не адказала. Яна стаяла з узнятым мячом, а Мікіта бегаў вакол яе з крыкам:
– Аддай меч! Аддай мой меч! Гэта я – супер-герой! Я – супер-герой!
– І – я! І – я! – радасна заскакала Даша і запляскала ў ладкі.
– Мікіта, зараз жа аднясі гэты меч у свой пакой, – строга загадала мама Ліна, і ёй запярэчыла бабуля:
– Вядома, аднясе! Але мы не дачыталі верш да канца. Даша, Мікіта, садзімся зноў на канапу!
– Толькі больш люстру не чапайце, – папрасіла маці.
Зубр на самакаце
Калі мама Ліна выйшла з пакою, бабуля пачала вельмі натхнёна чытаць верш ад самага пачатку да канца:
Зубр магутны пад гарой
вострыць рогі, ён – герой.
Пасябруе ён са мной,
буду я – супер-герой!
Прыімчу з ім павітацца,
Самакат дам пакатацца.
Бабуля Каця паглядзела на Дашу, потым на Мікіту і запыталася з сонечнай усмешкай:
– Ну, як вам, дзетачкі, гэты верш? Спадабаўся?
– Я нікому не даю пакатацца свой самакат. Зубру таксама не дам! Ён – мой! Ён ружовы! Ён – для дзяўчынак! – насуплена заявіла Даша. Яна гатова была заплакаць.
– Ну і не давай! – адазваўся Мікіта. – Ты – жмінда! Зубр на маім самакаце пакатаецца! Гэта будзе цыркавы зубр!
Ён саскочыў з канапы, крутнуўся на адной назе, потым на другой, схапіў меч і сказаў: – Кніжку без мяне дачытаеце. Я, дарэчы, і сам магу пачытаць, я ўмею, — ён прыціснуўся да бабулі і зашаптаў ёй на вуха: – Прывітанне майму монстрыку ад цябе перадаць?
– Якому монстрыку, Мікітачка? Што ты такое кажаш? – занепакоілася бабуля.
– Сіняму! Аднавокаму! Ты пра яго ад мяне ўжо чула.
І Мікіта, размахваючы мячом, імкліва падаўся да лесвіцы, па якой хутка ўзбег да сябе, наверх…
Пачатак у № 1. Працяг у наступным нумары.