Два Алені
Таццяна ПРЫШЧЭПАВА
Казка
З далёкіх-далёкіх часоў людзі распавядалі пра незвычайнага Воднага Аленя. Ён быццам чараўнік нечакана з’яўляўся з туману над вадой і паўставаў на абарону лесу. Позіркам ён мог назаўжды прагнаць з лясоў любога злыдня.
Ніхто з людзей не бачыў Воднага Аленя. Лясныя насельнікі і жыхары прылеглых вёсак любілі яго. Але быў у таго і закляты вораг – яго брат Вогненны Алень. Апошні не мог змірыцца з тым, што ўсе лясы і ўся слава дасталася не яму. Таму і вырашыў знішчыць усё, што належыць брату.
Калі на зямлю абрынулася моцная спёка, Вогненны Алень выбраўся са сваёй цясніны.
– Надышоў мой час! – злосна рыкнуў ён і пабег углыб лесу.
Вогненныя стрэлы ляцелі ва ўсе бакі. Агонь узняўся да аблокаў. Звяры спалохаліся і пачалі маліць аб дапамозе Воднага Аленя. Той пачуў іх мальбу і паспяшаўся на бязлітасную бітву з братам.
–Цябе мяне не спыніць! – крычаў тым часам Вогненны Алень.
Але Водны Алень не адступаў. І ўсё ж, калі агонь атачыў яго, зразумеў: у гэты раз брат аказаўся мацнейшым.
– Ратуйцеся, хто як можа! – пракрычаў ён звярам.
– А як жа ты? – спалохана спыталі звяры ў адказ.
– За мяне не хвалюйцеся, – адказаў ім Водны Алень. – Галоўнае – ратуйцеся!
Звяры кінуліся ў бок вёскі. Клубы дыму імкліва падымаліся ўгару.
– Бяда! – гучна крыкнуў адзін з жыхароў вёскі. – Лес гарыць!
Людзі заварушыліся, пахапалі вёдры з вадой і пабеглі ў той бок, адкуль выпаўзаў едкі дым.
Водны Алень у змаганні з братам ужо выбіваўся з сіл, калі з’явіліся людзі. Яны атачылі Вогненнага Аленя і пачалі абліваць яго вадой. Той неўзабаве не вытрымаў і схаваўся ў цясніну.
Водны Алень падзякаваў людзям, якія ўбачылі яго ўпершыню, і растварыўся ў тумане над вадой. А вяскоўцы стварылі лясны атрад, які з таго часу назірае за лесам. І як толькі Вогненны Алень спрабуе нашкодзіць, людзі і звяры на чале з Водным Аленем паўстаюць на яго абарону. Так вось разам і бароняць лес.