Сем цудаў маёй вёскі
Я тут жыву
Займальныя вандроўкі па Беларусі
Уладзімір ЛІПСКІ
Вёску Шоўкавічы, дзе я нарадзіўся, цяжка адшукаць нават на самай вялікай карце. Цяпер там ужо мала хатаў. Лясы, балоты, сенажаці. Але ж вёска вельмі родная, любая мне. Яна – мая малая радзіма. Калі надумаецеся яе знайсці, шукайце на Гомельшчыне, у Рэчыцкім раёне. Побач вёскі Вузнаж, Заходы, Баравікі, Селішчы, Чарнейкі, Дабужа…
Веру, нашы Шоўкавічы адны такія ў свеце. У летні поўдзень над імі затрымліваецца само Сонца і доўга-доўга стаіць над хатамі, агародамі, як бы звярае свой компас. За нашым прыгуменнем цёхкаюць самыя галасістыя салаўі. А яшчэ я адкрыў у сваёй вёсцы сем цудаў і паверыў, што цэнтр Еўропы якраз знаходзіцца ў нас. І не спрабуйце абвяргаць мой доказ, лепш азірніцеся наўкол: колькі цудаў у вашым паселішчы?
Ды найперш паверце ў мае адкрыцці.
- Шоўкавічы. Рэдкая і адзіная назва вёскі ва ўсёй Беларусі. Кажуць, тут жыў некалі Мамэрт. Людзі яго панам называлі. Ён служыў стражнікам у панскім лясніцтве. Але самае галоўнае – насіў той Мамэрт лапці з шаўковымі аборамі. Нібыта ад іх і пайшла назва вёскі.
Яшчэ кажуць, на нашых палетках вельмі радзіў лён. Як цвіў, здаецца, блакітныя азярыны гайдаліся хвалямі ледзь не да саменькіх хат. Нібыта Шоўкавічы тады пазіралі ў сусвет вялізнымі блакітнымі вачыма. Іх адкрытыя і добрыя вочы, спадзяваліся мае шоўкаўцы, бачыў сам Бог. Мо таму з асаблівай пяшчотай яны даглядалі льняныя палеткі. А калі прадавалі лён, іх усе хвалілі: “Ды ў вас не лён – шоўк!” Чутка далёка пайшла пра нашых майстроў-ільнаводаў. Усе цікавіліся: “Дзе тыя шоўкаўцы?.. Калі зноў прывязуць свой шоўкавы лён?..” Вось і нарадзілася назва вёскі – Шоўкавічы.
- Хата. У нашай сям’і было тры хаты. Адну фашысты спалілі. Тады яны знішчылі ўсю вёску. Другая, часовая, маленькая, прыземістая, згарэла пры пажары. А трэцюю змайстраваў бацька. Усё зрабіў сам, сваімі рукамі: сцены, падлогу, столь, дах, рамы, дзверы, печ. Пяццю вокнамі пазірала наша хата на вуліцу і ў двор. Тут выраслі мы, шасцёра дзяцей. У хаце заўсёды цікалі ходзікі – вісячы гадзіннік. На сценах віселі рамкі з фоткамі ўсёй радні. Яны і натхнілі мяне напісаць кнігу “Я” – пра радавод Ліпскіх. Пра Маму і Тату таксама выйшлі кнігі. Бацькі для мяне – святыя. Навучылі працаваць, паважаць людзей і любіць да слёз нашы Шоўкавічы.
- Людзі. Яны ў нашай вёсцы шоўкавыя, добрыя, спагадлівыя, мудрыя, шчырыя, сумленныя і вельмі працавітыя.
Дваіх чалавек у Шоўкавічах называлі нават па бацьку: Мітрафанавіч, Лявонаўна. Гэта нашы настаўнікі. Яны нястомна выводзілі шоўкаўскую пацанву ў людзі. Рабілі гэта цярпліва, строга, з любоўю.
Усе астатнія вяскоўцы мелі свае званні. Дзед Мішчук быў народным лекарам. Цётка Аршулька – народнай “чытаркай”. За вечар магла прачытаць тоўстую кніжку. Суседка Холька-інвалідка ўмела выхоўвала чатырох сыноў, трымала ў хаце ўзорную чысціню. Дзед Леўка, калі здароўкаўся, здымаў шапку і перад старым, і перад малым.
Нашы людзі чамусьці любілі рэдкія імёны: Сарафіна, Джэма, Ларык, Арына, Тодар, Язэп, Дуня, Варка. Мяне хацелі назваць Юркам, бо на Юр’я нарадзіўся. Але ж сёстры Клава і Люба ўгаварылі бацькоў, і мне далі імя Валодзя, Уладзімір. А ўсе ў вёсцы і ў сям’і заўсёды называлі – Валодзька.
Пра сваіх вяскоўцаў я напісаў кнігі “Адпяванне жывых”, “Лаўрэнавы працадні”, “Шоўкавічы” (сумесна з Георгіем Сытко).
- Дуб. На нашым агародзе вырас векавы дуб. Ён як помнік вёсцы, бо ўзвышаецца над ёй і помніць усё-ўсё. Толькі расказаць не можа.
А за тым дубам пачынаецца Шоўкаўская дуброва. Яна – помнік прыроды, ахоўваецца дзяржавай. Плошча яе – 73,9 гектара. Узрост дрэў – да 120 гадоў, а вышыня іх – да трыццаці метраў. Па тым дубняку я хадзіў у Вузнажскую школу. У той дуброве наразаў поўныя кашы баравікоў. Туды хадзіў слухаць спеў сініц, драздоў. Шоўкаўская дуброва давала мне ўрокі прыгажосці.
З мясцовымі вучнямі мы пасадзілі каля нашага дуба ліпавую алею. І я назваў яе “Алеяй памяці”. Хай жа нагадвае, што тут жылі Бабічы, Бельскія, Захарэнкі, Каваленкі, Кашавары, Козыры, Корзуны, Кулачэнкі, Ліпскія, Маркавы, Мілюты, Новікі, Паўловічы, Пылінскія, Трацэўскія…
- Буслянка. Яе змайстравалі шоўкаўскія буслы на старым дубе. З гадамі ён пачаў усыхаць, адкідваць галіны. Верхавіну знесла ці то бурай, ці то маланкай. І вось на гэтым амаль высахлым дрэве буслы зрабілі сваю “фазэнду”. Кожнай вясной дабудоўвалі, рамантавалі. І атрымалася буслянка вялізная, таўшчынёй тры метры. У ніжніх “паверхах” гэтага маёнтка засяліліся вераб’і. Яны былі шумнымі суседзямі, але буслы іх велікадушна цярпелі. А мы ўсе любілі назіраць за жыццём птушак. Буслянка была для нас, дзяцей, і тэлевізарам, і канцэртнай пляцоўкай. Карацей кажучы, вясковым цудам.
- Сажалка. Невялікае азярцо ў Шоўкавічах, відаць, выкапалі самі вяскоўцы. Туды вадзілі на вадапой коней, кароў. Там жанчыны мылі бялізну. Там вымочвалі лён перад яго апрацоўкай.
А мы, дзеці, любілі там купацца. Спякотнымі днямі не вылазілі з вады. Зімой на сажалцы быў наш лядовы палац пад адкрытым небам. Канькі і лыжы мелі самаробныя.
Бачыце, сажалка вучыла нас плаваць, рабіла спартсменамі. А яшчэ – рыбакамі. У ёй завяліся карасі, плоткі, уюны. Цяпер на сажалцы гаспадараць бабры. Там іх дачы-катэджы. Яны добрыя дрывасекі. Нарыхтоўваюць дровы нашым пенсіянерам. Чым жа не цуд!
- Столпінка. Так называецца рачулка, якая, не паверыце, пачынаецца ў нашым забалочаным лесе, за сенажаццю. Уяўляеце, у тым жа месцы якраз узыходзіць сонца і адтуль выцякае рэчачка. Тонкім, вялым шнурочкам яна пятляе па лузе і нырае ў альховы лес. Выскоквае за суседняй вёскай Баравікі і ўпадае ў рэчку Сведзь. А тая прамой дарогай бяжыць у Бярэзіну.
У вёсцы Горваль, дзе мама мяне нарадзіла ў бальніцы, Бярэзіна злучаецца з магутным Дняпром. А Дняпро нясе свае воды ў Чорнае мора. Бачыце, шоўкаўская рачулка Столпінка – родзічка Чорнаму мору. Я сам не так даўно даведаўся пра гэты цуд.
Вось і кажуць мудрыя людзі: век жыві – век вучыся і ўвесь час адкрывай вакол сябе нешта новае. А каб быць адкрывальнікам, трэба умець здзіўляцца, радавацца і вельмі ж любіць зямлю, на якой упершыню ўбачыў свет, паветрам якой дыхаеш. Хай жа вам, сябры, пашанцуе, адкрыць свае цуды!