Ганарлівая кветачка
Завітала ў наш край вясна, і ўсё наўкол зелянець ды квітнець пачало. І лес, і луг, і поле. Усюды вясна-працаўніца паспявае, усюды свае парадкі наводзіць.
Дайшла чарга і да саду. Зацвілі вішні, слівы, грушы. Нарэшце і на галінках маладзенькай яблыні кветачкі распусціліся.
– Якая я прыгожая! – усклікнула першая кветачка.
– А мы хіба не прыгожыя? – пакрыўдзіліся сяброўкі.
Надзьмулася першая кветачка.
– Вы аднолькавыя, – сказала яна. – А я асаблівая, не такая, як усе.
Якраз у гэты час пчолкі ў сад прыляцелі, над кветачкамі закружыліся. А кветачкі і рады. Да сябе пчолак запрашаюць, духмяным нектарам частуюць. Толькі ганарлівая кветачка адвярнулася. Ні адну пчолку не пачаставала. Яшчэ і пасмяялася з сябровак, што дарма нектар свой пчолкам аддалі.
– Вось убачыце, – казала яна, – кепска вам без нектару будзе!
Сапраўды, прайшло некалькі дзён – і пачалі з усіх кветачак пялёсткі ападаць.
– Ага! – усклікнула радасна ганарлівая кветачка. – Аддалі свой нектар пчолкам, таму і пялёсткі з вас ападаюць! А мае не ападуць, бо я не толькі самая прыгожая, але і самая разумная з усіх вас.
– Дурненькая ты! – сказала ёй яблыня. – За нектар пчолкі апылілі кветачкі, і неўзабаве яны ператворацца ў прыгожыя духмяныя яблычкі. Усе, акрамя цябе. А ты засохнеш, ападзеш, і ніхто не ўспомніць цябе добрым словам.
Генадзь Аўласенка
круто спас
ібо вам Генадзь Аўласенка
спасибо
Спасибо, спасли