Крылатая радасць
Васіль Зуёнак
КУРАЧКІ
Што за парачка на фота,
Як дазнаўся:
– Ці не з нашага балота?! –
Запытаўся. –
Ну, з таго, з майго дзіцячага,
З былога,
Ад якога ўжо ні знаку.
Анічога!..
Там і курачкі балотныя
Увішныя
(Ці чаротніцы,
Калі сказаць па-кніжнаму/)…
Ды ўчыніў тут чалавек
Меліярацыю,
А для птушак – высяленне
Эміграцыю.
І да новага балота,
Незваротныя,
Паўцякалі
Нашы курачкі балотныя…
І дзіўлюся я цяпер
З далёкай далечы,
На чаротніцкай гаворцы
Прамаўляючы:
– Прызнавайцеся: вы самі
Ці завезлі вас
Аж за трыдзевяць зямель
У Інданезію?
Гэта ж трэба –
Так далёка ад Мачулішча!..
І ў адказ
Крыху насмешліва пачулася:
– Гэта вырай наш,
Сезонная вандроўка,
А па-вашаму сказаць,
Камандзіроўка.
– Дык хутчэй жа, – ім кажу, –
Тут адзначайцеся
І хутчэй
Да родных чаратоў
Вяртайцеся!
Фота Сяргея Зуёнка