Як я хацеў вырасці
Яўгенія ВАСІЛЬЕВА
Як я хацеў вырасці
Усе растуць. Хлопчыкі, дзяўчынкі, дрэвы ў двары, кацяняты, шчанюкі на смешных лапках. Нават рыбкі ў акварыўме, які стаіць у нас у гасцінай на тумбачцы – і тыя растуць. Адзін я не расту. Усе кажуць – у дзядулю. Мама, тата, бабуля ў мяне высокага росту, а дзядуля маленькі. Не, ён, вядома, вялікі, толькі ўсё адно меншы за іншых дарослых.
Але ж, ці я вінаваты, што так атрымалася? Я ж вучуся ўжо ў трэцім класе. Усе ў нас падраслі. Асабліва дзяўчынкі – даўганогія такія. Ды ўсё б нічога, калі б не фізкультура. Ну чаму абавязкова трэба строіцца па росце? Я заўсёды стаю апошнім. Так крыўдна!
Аднойчы я сказаў хлопцам на перапынку, што па росце строіць нядобра. Чалавека можна пакрыўдзіць.
– Правільна! – падтрымаў мяне Паша Круглякоў, круглы выдатнік. – Лепш ставіць паводле адзнакаў: у каго яны лепшыя, той і першы!
– Не, лепш ставіць па ўзросту, – запярэчыў Дзімка Новікаў.
Зразумелая справа! Дзімка ў нас першы, каму споўнілася дзесяць гадоў, і ён вельмі гэтым ганарыцца.
Не, для мяне гэта ўсё не падыходзіць. Я кажу:
– Трэба ставіць хлопцаў у тым парадку, хто колькі мячоў заб’е, а дзяўчынак – колькі праз скакалку скокне, усё ж такі фізра.
Гэта я таму кажу, што ў футболе я майстар. Уся школа ведае, што Арцём Якушаў – найлепшы гулец.
Увогуле, мне больш за ўсё хочацца вырасці. Нават трошачкі. Каб хоць перадапошнім стаяць або перадперадапошнім.
Дома пачнеш скардзіцца, мама адразу кажа:
– Кашу трэба есці, боршч з хлебам, гародніну ўсякую…
Увогуле, слухаць моташна. А тата:
– Спортам трэба займацца, бегаць, плаваць, на турніку падцягвацца.
Кожны за сваё. Я ўжо спрабаваў: цэлы тыдзень еў кашу, падцягваўся, – ані міліметра не вырас!
Мой сябар Даніла Спіцын мяне суцяшае. Яму, праўда, лёгка суцяшаць: ён у нас найвышэйшы, вышэй за ўсіх дзяўчынак. Стаіць першым. Праўда, трохі цяжкаваты. Нас нават дражняць: Слон і Моська. Празда, слон – высакароднае жывёла, а мне за Моську крыўдна.
Даніла таксама розныя парады дае, як вырасці. У яго свае метады. Ды чамусьці ніводны не дапамагае.
Але аднойчы мне ўсё ж усміхнуўся поспех. Наша настаўніца па фізры Ганна Віктараўна прывяла да пачатку ўрока нейкага хлапчука:
– Дзеці, знаёмцеся! Гэта Саша Пятроў, ён будзе вучыцца ў нашым класе. Пазнаёмцеся пакуль, а я хутка прыйду.
І выйшла.
А я як новенькага ўбачыў, адразу зразумеў: вось яно! Такі ўжо ён быў малюсенькі. Я папрасіў яго памерацца. І аказалася, што ён на цэлы сантыметр ніжэй за мяне!
У душы я крычаў: “Ура! Цяпер я не апошні!” У мяне проста крылы выраслі. Затое новенькі Саша вельмі зажурыўся.
– Што ж, – кажа, – я апошні буду стаяць?
– Ага, – хорам адказалі мы ўсе.
Але я тут жа кінуўся супакойваць новенькага.
– Ды ты не плач! Я вось таксама быў самым апошнім. Слухай, што трэба рабіць, каб вырасці. Па–першае, кожны дзень есці кашу…
Не паспеў я даць усе інструкцыі, як вярнулася Ганна Віктараўна.
– Дзеці! Пачакайце, не стройцеся. Я тут чула, што многія не хочуць строіцца па росце.
– Не хочам! Не хочам! – закрычалі ўсе.
– Ну вось. Я прыняла рашэнне, каб усё было па справядлівасці. З гэтага дня строімся па алфавіце!.. Якушаў, ты куды? Я ж сказала – па алфавіце!..
Ну і дзе ж тут, скажыце, справядлівасць?