Творчасць пісьменніка Алега Лойкі
Среда, 18.05.2011 13:30. Рубрика: Вершы, Наша спадчына
Да 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Алега Лойкі
Адкуль казкі
Ехаў Бай праз лясок,
Вёз казак мяшок.
Дарожка крывенька,
Кабылка сляпенька.
З-за рэчкі, з-за гаю
Жучка выбягае,
Брэша на Бая,
Зубы выскаляе,
Мех расцерабіла,
Дзірку зрабіла.
Пакуль тое ўбачыў
Бай на сваім возе,
Казак сто, няйначай,
Згубіў на дарозе.
З той пары дарогай,
Хто б там ні праходзіў,
Казак мала, многа
Заўсёды знаходзіў.
Мама кліча
А ў нашай Надзейкі
Маленькія вейкі,
А сляза на вейцы –
Як гарох:
Не пускае мама
За парог!
Ой, гарошкам светлым,
Слёзанька, скаціся!
Мама кліча Надзю –
У метро прайсціся.
Скорагаворка
Падымала авечка
Куфар за вечка.
Абарвалася вечка –
Пад куфрам авечка.