Пугачы
Віншуем пісьменніка Віктара Шніпа з 60-годдзем!
Віктар ШНІП
ПУГАЧ
Гэта было даўно. На нашай зямлі яшчэ былі вялікімі лясы, глыбокімі і чыстымі рэкі і азёры, у якіх вадзілася шмат жыўнасці. На беразе самай вялікай, глыбокай і прыгожай ракі стаяў замак. У ім жыў князь, і была ў таго князя прыгожая дачка Марыся. Калі яна была маленькай, як і ўсе дзеці, любіла гуляць у лялькі і нянькам у той час з князёўнай амаль не было ніякага клопату. Гуляючы на лузе, яна часта бавіла час з пастушком Алесем. Хлопчык быў добры, іграў на дудачцы, спяваў песні. Ніхто не быў супраць іх сяброўства, адна толькі старэйшая пакаёўка ўшчувала Марысю: “Не гуляй ты з гэтым гарбатым, табе ён не пара”. І ўсё ж яны сустракаліся часта, пакуль не выраслі. Алесь стаў кавалём і ў клопатах хутка забыўся пра сваю сяброўку. А князёўна Марыся доўга ўспамінала хлопчыка Алеся, пакуль у яе не пачалі з’яўляцца жаніхі. Якія ёй падабаліся, тых не любіў бацька, а якія падабаліся бацьку, на тых не хацела нават глядзець Марыся. Большасць жаніхоў, якім было паказана на дзверы, вярталіся, апусціўшы галовы ў свае ўладанні. Нямала было і такіх, якія пасля адмовы стаялі пад сценамі замка і спрабавалі яшчэ раз заваяваць сэрца князёўны Марысі. Князь не любіў такіх жаніхоў і, раззлаваўшыся, часам выпускаў на іх сабак. Але ўсё адно надаеды не давалі праходу дзяўчыне. І князь вырашыў прыставіць да Марысі ахову. Выбраў са свайго нешматлікага войска самага здаровага воіна і загадаў: “Глядзі, каб ніводзін валасок з князёўны не ўпаў! Калі ж ты не выканаеш майго загаду, не знасіць табе галавы!”
Праз некалькі дзён князю данеслі, што ахоўнік не толькі дрэнна ахоўвае яго дачку, але і сам спрабуе ёй спадабацца. Раззлаваўся князь і, пакараўшы аднаго ахоўніка, выбраў у сваім войску другога. На гэты раз самага нягеглага. Але праз месяц яму зноў данеслі, што і гэты ахоўнік дрэнна спраўляецца са сваёй службай і таксама спрабуе стаць жаніхом князёўны. Пакараўшы другога ахоўніка, князь сабраў з усяго княства нежанатых мужчын і хлопцаў аб’явіў: “Аддам палову свайго княства таму, хто зможа ахоўваць ад надакучівых жаніхоў князёўну Марысю, а сам не закахаецца ў яе! Калі ж будзе іначай, таму сваёй галавы не знесці!” Выслухаўшы князя, натоўп засмяяўся і пачаў разыходзіцца. Убачыўшы, як усе разыходзяцца, князь раззлаваўся і, згледзеўшы нейкага згорбленага, з доўгай барадой мужычка, загадаў сваім слугам злавіць таго і зрабіць з яго ахоўніка князёўны. Мужычок вырываўся, крычаў, але князевы слугі скруцілі яго і павалаклі ў палац. Так у князёўны Марысі з’явіўся новы ахоўнік. Быў ён страшны, як смерць, і хутка ў дзяўчыны амаль не засталося жаніхоў. Князь быў задаволены. Новы ахоўнік днём хадзіў за князёўнай, а ноччу сядзеў у вежы, з якой было бачна, што робіцца ў пакоях Марысі. Праляталі дні, ляцелі месяцы, і стары князь, а ён быў вельмі стары, аднойчы паклікаў да сябе дачку і сказаў: “Любая Марыська, я хутка памру. Прабач мяне, старога нягодніка, што я разагнаў тваіх жаніхоў, а ты засталася адна. Я б не рабіў так, калі б не любіў цябе. Сёння я даю табе дазвол выбраць жаніха самой і жыць з ім у міры і згодзе, як я жыў з тваёй маці”. Марыся, выслухаўшы бацьку, сказала: “Тата, вы таксама прабачце мяне, што я не слухалася вас. Вы не паверыце, але я кахаю свайго ахоўніка Алеся, і ён кахае мяне. Дазвольце нам…” Не паспела Марыся дагаварыць, як князь усхапіўся і закрычаў: “Пакуль я жывы, не быць такому!” Загаласіла Марыся, аблілася горкімі слязьмі, але князь не захацеў яе выслухаць і загадаў пасадзіць пад замок у вежу. У другой вежы быў пасаджаны ахоўнік Алесь. І сядзелі яны ў сваіх вежах доўга. Удзень спалі, а ноччу пераклікаліся. Колькі б так працягвалася, ніхто не ведае, калі б аднойчы яны не вырашылі, што калі ім нельга быць разам на гэтым свеце, то сыдуцца на тым. І вось у адну з восеньскіх начэй князёўна Марыся і яе каханы Алесь выкінуліся з вакон сваіх вежаў у глыбокую плынь ракі, што працякала каля сцен замка. Але такім вялікім было іх узаемнае каханне, што не ўпалі яны ў раку, а на ляту ператварыліся ў вялікіх птушак. Многія жыхары замка бачылі гэта і вельмі перапалохаліся, а тых птушак пачалі называць пугачамі. Сёння даўно ўжо няма замка, а пугачы ў нашых лясах яшчэ жывуць і не трэба іх баяцца, бо гэта нашчадкі закаханых Марысі і Алеся.