Маміны ўборы
Пятница, 20.03.2020 09:00. Рубрика: Навіны "Вясёлкi"
Уладзімір БАБКОЎ
Многа сукенак у мамы маёй,
У кожнай сукенкі –
Абавязак свой.
На працу, у офіс сталічны
Ідзе яна ў строга-карычневай.
У сінюю апранаецца,
Як з татам
у тэатр збіраецца.
Калі ж у зялёную мама адзета –
Мы едзем у вёску да дзеда.
А ў белай сукенцы з цюльпанамі –
Чакаюцца госці жаданыя…
Ды ёсць апранайка ў мамы,
Яна – не з буціка, не з крамы,
А сшытая мамінай мамай.
Яна – нібы сонейка ў хаце –
Дамашні квяцісты халацік.
Кароткі рукаў, васількі па краях.
(Маміна ж мама – бабуля мая).
Калі мама з працы вяртаецца,
Хуценька пераапранаецца.
Чакаю матулю сваю,
Халацік ёй сам падаю.
Яна яго апранае
І кажа: “Ён стому здымае”.
Прылашчыць, абдыме за плечы
І будзе са мною ўвесь вечар.