Азербайджанская народная казка
Даўным-даўно жыў на свеце чалавек, якога звалі Шэйдула. Быў ён гультаяваты, ніколі нічога не рабіў. Жонка і дзеці жылі ў нястачы, але Шэйдула не зважаў на гэта, казаў:
– Прыйдзе час, і мы разбагацеем.
Аднак багацце ўсё не прыходзіла, і Шэйдула вырашыў пайсці за парадай да мудраца.
Ішоў ён тры дні і тры ночы і сустрэў на дарозе худога ваўка. Сказаў, што ідзе да мудраца параіцца, як стаць багатым. Воўк папрасіў:
– Добры чалавек, спытай, як мне вылечыцца, каторы год страўнік баліць, ні днём ні ноччу няма спакою.
Паабяцаў Шэйдула спытаць і пайшоў далей.
Зноў прайшло тры дні і тры ночы. Шэйдула спыніўся каля возера адпачыць. Выплыла рыбка і спытала, што ён тут робіць. Шэйдула адказаў. Тады рыбка папрасіла:
– Спытай, калі ласка, у мудраца, ад чаго ў мяне нешта коле ў горле.
Шэйдула паабяцаў спытаць і пайшоў далей.
Праз тры дні і тры ночы спыніўся каля яблынькі. Тая расказала яму пра сваю бяду: кветкі ўвесну распускаюцца і адразу ж ападаюць, таму няма яблыкаў. Шэйдула таксама паабяцаў даведацца, у чым прычына.
І вось яшчэ праз тры дні і тры ночы сустрэў ён нарэшце мудраца. Той выслухаў ад яго просьбы ваўка, рыбкі, яблынькі і адказаў так:
– Ваўку, каб вылечыцца, трэба з’есці першага гультая, які яму трапіцца, рыбцы – выняць каштоўны камень з горла, а пад яблынькай трэба выкапаць збан з золатам.
Шэйдула спытаў, як жа яму разбагацець, не працуючы. Мудрэц сказаў:
– Ідзі і лічы, што я табе ўжо дапамог.
Пайшоў Шэйдула і па дарозе расказаў рыбцы і яблыньцы пра тое, што параіў мудрэц. Аднак на просьбу дапамагчы ім і стаць багатым, адказаў, што не будзе ні даставаць каштоўны камень, ні выкопваць скарб, бо мудрэц запэўніў, што ён і так разбагацее.
Нарэшце сустрэў Шэйдула ваўка. Перадаў, што мудрэц параіў яму, ваўку, з’есці першага гультая, які трапіцца на вочы. Потым расказаў, як паленаваўся крыху папрацаваць, каб атрымаць багацце ад яблынькі і рыбкі. І тады воўк ад радасці аж падскочыў:
– Дык вось хто мне патрэбен!..
І праглынуў гультая Шэйдулу.
А з неба ўпалі тры яблычкі: адно – таму, хто слухаў, другое – таму, хто расказваў, а трэцяе – усім астатнім.
Гультай Шэйдула
Пераклад Маргарыты Прохар