Бусеў слоўнічак
Буся асабліва ганарыцца тым, што пасля слоў на першую літару алфавіта, “А”, адразу стаяць словы на “Б”.
З гэтай літары пачынаецца не толькі яго імя, але і бацькава імя: “Бусел” – вялікая пералётная птушка з доўгай прамой чырвонай дзюбай і высокімі чырвонымі нагамі.
А колькі сяброў на “Б” ёсць у Бусі!
Бабёр – паўводны звер атрада грызуноў, які жыве ў лесе каля рэк і іншых вадаёмаў і мае каштоўнае футра.
Бялуха – палярны дэльфін, які дарослым мае белую афарбоўку.
Бульдог – сабака з вялікай галавой, шырокімі грудзямі, кароткімі лапамі.
Любімы музычны інструмент Бусі, бубен – ударны музычны інструмент у выглядзе абцягнутага скурай шырокага абруча з металічнымі бразготкамі, таксама пачынаецца на “б”.
Нават ёсць ежа, якая пачынаецца на гэту літару – банан, бабка, блінцы, бульба, баклажан, булка. Як жа ўсё смачна!
Вось чаму “Б” – любімая літара Бусі. А якія словы на гэту літару ведаеш ты? Пішы нам разам з мамай на электронную пошту vyaselka2011@yandex.by.