ПРА ГЕНІЯ І МОНСТРЫКА ПСТРЫКА
Раіса Баравікова
Неслух
Пяцігадовы Мікіта і двухгадовая Даша ў сваім новым доме, дзе яны жылі з бацькамі, чакалі прыезду бабулі Каці. Бабуля затрымлівалася. І нецярплівы Мікіта час ад часу выбягаў на ганак. Ці не пад’ехала, нарэшце, бабуля? Вось ён зноў выбег і цяжка ўздыхнуў: бабулі не было! Але вяртацца ў дом хлопчык не спяшаўся.
Недалёка ад іхняга ганка стаялі два хлапчукі з веласіпедамі і з цікавасцю пазіралі ў яго бок. Мікіта ведаў, што аднаго з іх завуць Арцём, другога – Мікола. Ведаў ён і тое, што хлопчыкі жылі па-суседству і ён часта бачыў іх каля свайго дома. Але падысці да іх не адважваўся, хоць яму і вельмі хацелася. Мікіта чакаў, што яны самі паклічуць яго да сябе. Вось і зараз ён пазіраў у іх бок і ледзь не ўслых прамаўляў:
– Ну, давайце ж, давайце, крыкніце мне: “Хадзі да нас!”
Але Арцём і Мікола не крыкнулі. Яны селі на свае веласіпеды і, набіраючы хуткасць, пакацілі ўздоўж вуліцы.
– Ну і каціце! Не надта мне і трэба, каб вы нешта крычалі! Задавакі! – Мікіта паглядзеў услед хлапчукам, яшчэ раз уздыхнуў і вярнуўся ў дом.
– Ну і дзе наша бабуля?! – развёў ён рукамі і паглядзеў на сястру.
– Яна едзе! Едзе! Едзе! – радасна закрычала Даша і села ў кузаў вялікай дзіцячай машыны. – І я еду! Еду! Еду! Пі-пі-пі…
– Ма-ам, ты чу
еш, як яна крычыць? Я проста паміраю ад яе крыку! Паміраю!
– Не памірай, – усмешліва адазвалася маці, вымаючы посуд з мыечнай машыны. – Бабуля толькі што тэлефанавала. Праз паўгадзінкі будзе ў нас. А ты дапамажы дастаць посуд.
– Не хачу! – буркнуў Мікіта.
– Ну, вядома, ты ж у нас Геній! Бабуля і сёння сказала: “А для нашага Генія ў мяне асаблівы падарунак”. Не верыш?! Так і сказала: “Для нашага Генія!” Песціць яна цябе.
– Ніякі я не Геній! – зноў буркнуў Мікіта. – Бабуля любіць павыдумляць. Абзывака яна. – Ён падышоў да маці, прытуліўся да яе: – Там, на вуліцы… Ну, гэтыя… Арцём і Мікола, што насупраць нас жывуць. Зноў з веласіпедамі каля нас былі.
– А ты ўзяў бы свой веласіпед і да іх падышоў бы!
– Дык яны не клічуць мяне!
– Я сказала, сам да іх падыдзі, вось і пазнаёміцеся. Пра што гаворка!
– Ну… Тады я пайшоў па веласіпед, – не надта ахвотна пагадзіўся Мікіта.
– Бабуля едзе, едзе, едзе!.. – закрычала Даша. – Пі-пі-пі… – Яна разагналася, ба-а-ах! Урэзалася ў сцяну і кульнулася з машыны…
– Дзы-ынь! – з матчыных рук выпала талерка і, зразумела, разбілася. Вось табе і ба-а-ах!
Мікіта глядзеў, як падымаецца з падлогі Даша, і думаў: “ Заплача ці не заплача? “
Даша заплакала:
– Ы-ы-ы-ы… У мяне драпіна на далоньцы.
Мікіта засмяяўся, а маці сказала:
– Мне трэба асколкі прыбраць. Мікіта, супакой Дашу і пагуляй з ёю.
– А веласіпед? Ты ж сказала, каб я сам падышоў да хлопцаў.
– Якія хлопцы! Які веласіпед! Дашка плача! А, можа, ты асколкі прыбярэш? Дык на-а, бяры венік, савок, а я займуся Дашкаю!
Мікіта чамусьці вырашыў пакрыўдзіцца.
– Нічога я не буду прыбіраць! – буркнуў ён. – І з Дашкаю гуляць не буду! Усё! Я – у свой пакой!
І кінуўся да лесвіцы… Азірнуўся, паказаў Дашцы язык і пабег на другі паверх.
– Ну і неслух, – пакруціла галавою маці. – Самы сапраўдны неслух! Як толькі што, ён адразу – у свой пакой! Не плач, Дашачка.
– А я і не плачу, – адазвалася Даша. Яна хуценька зноў залезла ў кузаў сваёй машыны і запіпікала: – Пі-пі-пі… Бабуля едзе! Едзе! Едзе!.. Едзе!..
Знаёмства з монстрыкам
Мікіта забег у свой пакой і спыніўся каля ЛЕГА НІНЬДЗЯГА, якое сабраў учора вечарам. Хвілінку палюбаваўся сабраным чароўным замкам і, задаволены сабою, бухнуўся ў ложак.
– Вой-вой! Хіба можна так бухацца! – Пачуўся даволі моцны крык. – Ты што, хочаш і без другога вока мяне пакінуць!?
Мікіта падхапіўся:
– Не разу-у-мею, – разгублена сказаў ён. – Хм-м… Хто мог завойкаць і каго гэта я пакінуў без другога вока?
– Мяне! Мяне! – зноў пачуўся ўсхваляваны голас. – Ты замаляваў адно маё вока чорным фламастарам.
Мікіта паглядзеў на падушку, і ў яго вачах было надзвычай вялікае здзіўленне.
– Я… Я… Я…– ён не змог адразу вымавіць усё, што хацеў сказаць, але нарэшце прамовіў: – Я сапраўды ўчора позна вечарам замаляваў адно вока монстрыку на навалочцы падушкі.—Ён задумаўся і дадаў: – Дык ты што, той самы монстрык?
– Угу-у, угу-у, сіні, той самы!
Справа ў тым, што ўсе пасцельныя рэчы ў Мікіткі былі ў монстрыках: жоўтых, чырвоных, зялёных, аранжавых, сініх… Хлопчыку падабаўся такі арыгінальны малюнак на коўдры, на прасцінцы, на навалочцы. І вось табе на-а! Такое нечаканае дзіва. Аказваецца, монстрыкі ўмеюць размаўляць!
Мікітка на ўсялякі выпадак трошкі адсунуўся ад падушкі і запытаўся:
– Гэй ты, сіні! А хіба ты жывы?
– Жывы! Безумоўна, жывы!
Тут Мікітка зусім не да месца засмяяўся:
– Вой, не магу! У Дашкі ўся пасцельная бялізна ў кветачкі. Дык гэта што? Аднойчы яна можа прачнуцца ў самым сапраўдным жывым кветніку?!
– Ну, наконт кветачак нічога не ведаю, – жыва адгукнуўся монстрык. – Магу нешта пэўнае сказаць толькі пра сябе. Можаш не сумнявацца. Я самы сапраўдны жывы монстрык. Праўда, у адзіным экземпляры. Гэтак было задумана чараўніком-мастаком, які ствараў гэты пасцельны малюнак. – Тут монстрык уздыхнуў, трошкі памаўчаў і дадаў: – Відаць, мяне ён зрабіў Ахоўнікам, каб я ноччу ахоўваў дзетак. – І монстрык нечакана ўсхліпнуў: – А, які ж я цяпер Ахоўнік? З адным вокам!
Мікітка падсунуўся бліжэй да падушкі, схіліўся над монстрыкам:
– Ды ты не засмучайся! Ты цяпер самы сапраўдны пірат-разбойнік. – Хлопчык на момант задумаўся і прапанаваў: – А хочаш, я падмалюю табе пірацкую чорную павязку?
– Не трэба, – спакойна адказаў монстрык. – Я пажартаваў наконт аднавокага Ахоўніка. Хі-хі-хі… – нечакана захіхікаў ён. – Праз тыдзень твая маці закіне пасцельныя рэчы ў машынку і ў мяне зноў з”явіцца другое вока. Фокус-мокус! Хі-хі-і…
– Не смейся! Ты жывы! Як ты будзеш круціцца ў машынцы? Ты што!
– Не хвалюйся. Гэта даволі прыемныя водныя працэдуры.
Якраз у гэты момант за дзвярыма пачуўся гучны жаночы голас:
– І, дзе ж гэта тут так доўга затрымліваецца мой даражэнечкі ўнучак! Мой маленькі цудоўны разумненькі Геній!
– Ура-а-а! – Саскочыў Мікіта з ложка. – Бабуля прыехала! Нарэшце яна прыехала!
Ён імкліва выбег з пакоя, не пачуўшы апошніх слоў монстрыка:
– Чакай, а чаго гэта твая бабуля называе цябе Геніем?..