Для дзяўчынак… І не толькі!
Буся нагадвае, што надыходзіць свята 8 сакавіка. Час віншаваць сваіх прынцэс: мам, бабуль, сястрычак і сябровак. Над падарункам маме і бабулі трэба падумаць, але Буся вырашыў, што падарыць сваёй сяброўцы, Зялёнай жабцы.
Гэта будзе кніга Наталлі Бучынскай “Прынцэса Алівія і “жабіны вочкі”. Ілюстрацыі да яе зрабіла Рыма Кульба.
Аўтарка ўпэўнена: калі моцна захацець, нават звычайная дзяўчынка можа стаць сапраўднай прынцэсай. Але жыццё прынцэс поўнае клопат і хваляванняў. І што б яны рабілі, калі ў іх не было б рыцараў? Шчасце, што яны ўсё яшчэ гатовы ратаваць сваіх сябровак.
Дзяўчынкі, памятайце, як і Зося, галоўная гераіня кнігі Наталлі Бучынскай, вы можаце быць прынцэсамі. Але да сваіх пажаданняў трэба ставіцца пільна, а потым і адказна выконваць свае абавязкі. Інакш сапраўднай прынцэсы з вас не атрымаецца. Хіба толькі жабіная!
Пра Зосіны прыгоды, жыццё прынцэс і тое, чаму важна шанаваць тое, што ў цябе ёсць, чытай у кнізе “Прынцэса Алівія і “жабіны вочкі”. Мы ўпэўнены: яна спадабаецца маленькім і дарослым, дзяўчынкам і хлопчыкам.
Загадка!
А ці ведаеце вы, якую кветку называюць “жабінымі вочкамі”? Калі не, чытайце гісторыю пра Зосю-Алівію, а потым папарасіце маму ці тату дапамагчы апісаць свае ўражанні. Ці намалюйце герояў казкі.
Свае творы дасылайце на электронную пошту vyaselka2011@yandex.by або на адрас 220073, г. Мінск, вул. Кальварыйская, 25.