Казімір Камейша
РАНЕЦ
На двары дзівос хапае,
Хоць здзіўляюцца не ўсе.
Ранак па двары ступае,
Ранак ранец мой нясе.
Як і трэба – за плячыма.
Лёгка йдзе,
Спіны не гне.
Цёплы ранак, малайчына.
Ён найлепшы сябра мне.
А са школы новым ходам
Не спяшаешся, ідзеш.
А дамоў нясе заўсёды
Ранец мой
Мой сябра Дзень.
СТАВОК
Пад вербамі вады ставок.
Ён ста вачмі – СТАвокі.
Ён бачыць, хоць глядзіць здалёк,
Высока і глыбока:
Як рыба ў глыбіні плыве,
Як скача ў небе мячык,
І як жывое ўсё жыве
Ставок СТАвокі бачыць.
Ён бачыць лёт чмялёў і пчол,
Як конік побач скача.
Усё ён бачыць, што вакол.
А сам сябе не бачыць.
САМАЕ СМАЧНАЕ
Кожны смак свой мае недзе,
Хоць не кожны – свой гарод.
Найсмачнейшы для мядзведзя –
Той, густы пушчанскі мёд.
Сыру смак варону вабіць,
Любы рыбы смак лісе.
Зайцаў хлеб – найсмачны, мабыць,
Гэта ведаюць усе.
Мыш зярнятка цягне ў норку.
Смачны вожыку тварог.
Грыб з арэхам – у вавёркі,
А ў сарокі – свой пірог.
Што ж, свае усюды меркі,
Не бывае без дзівос.
А найсмачныя цукеркі,
Ну, вядома ж, у Валеркі –
Іх сам казачнік прынёс!
ДЗЯКУЙ
Дзякуй скажам яблыньцы за яблык,
Што ад смаку ў роце растае.
А таму скажыце тройчы “дзякуй”,
Хто аднойчы пасадзіў яе!…