Да 85-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна
Понедельник, 24.02.2020 10:00. Рубрика: Вершы
Рыгор БАРАДУЛІН
Пільная просьба
На тэлестудыю цяля
Прыбегла з просьбай пільнай,
Каб выпусцілі ўрэшце для
Цялятак
ЦЯЛЯфільмы.
Басалапкі
У адным жывуць двары
Тры Рыжулі,
Тры сястры.
Неяк раз
Абулі кошкі
Басалапкі –
Басаножкі,
Бо за ножкі,
Бо за лапкі
Можа ўцяць
Барбос з-за лаўкі.
Тут жа муркнулі
Рыжулі,
Тэпці мулкія
Разулі –
Басанож
Яно ж
Цішэй
Падкрадацца да мышэй!
Як быць?
Колькі будзе
Пяць на пяць?
Слон не можа ўцяміць.
Значыць,
Трэба завязаць
Вузялок на памяць.
I не доўга думаў слон,
Завязаў хобат.
Раніцой прачнуўся ён –
Мае новы клопат.
П’юць ваду
Вярблюд,
Індык.
Слон у перапудзе:
Як развяжа хобат,
Дык
Множанне забудзе.
Хто параду можа даць?
Млосна ад развагі:
Лепей ведаць
Пяць на пяць
Ці канаць
Ад смагі?!