Я тут жыву
Уладзімір Ліпскі
ДНЯПРО злучае тры краіны —
Расію, Беларусь, Украіну.
Пачынаецца з невялікага балота
ў Смаленскай вобласці.
Набірае моцы, разгону
і горне свае хвалі.
па зямных прасторах
на 2 тысячы 201 кіламетр.
Старажытныя людзі называлі
гэту раку Барысфенам.
Яна ўваходзіла ў водны шлях
з Балтыйскага ў Чорнае мора.
Каля Дняпра сяліліся нашы продкі.
Каб раптам запаліліся кастры,
дзе даўно-даўно жылі людзі,
то два берагі ракі
сталі б зіхатлівай гірляндай.
Дняпро мае па Беларусі дарогу
ў шэсцьсот дзевяноста сем кіламетраў.
Зірніце на карту і вы ўбачыце
на берагах Дняпра знакамітыя
нашы гарады, мястэчкі, вёскі.
Сярод іх — Дуброўна, Орша, Копысь,
Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў,
Жлобін, Горваль, Рэчыца, Лоеў…
Кожнае паселішча з даўняй гісторыяй.
Уявіце, каля Рэчыцы, на Дняпры,
стаіць вёска Мілаград.
На крутым беразе ракі археолагі
знайшлі гарадзішча, на якім
жылі людзі за дзве тысячы
гадоў да нашай эры!
Для мяне асабіста вельмі
дарагім застаецца мястэчка Горваль,
дзе злучаюцца Дняпро і Бярэзіна.
Тут Мама нарадзіла мяне.
Вельмі ж люблю закінуць вуду
ў ціхую, задумлівую плынь ракі.
Каб раптам злавіў залатую рыбку,
узмаліўся б падмагчы мне
здзейсніць мару жыцця —
праплыць па магутным Дняпры.
А хаця б толькі па яго
беларускай воднай магістралі.
Дняпро — наша казка, песня, ява
Каб вада не толькі перашэптвалася хвалямі, а ўмела гаварыць, то ўяўляеце, якія б гісторыі мы пачулі пра сваю Айчыну. Мы б па-новаму адкрылі для сябе старажытныя гарады, ведалі б, як яны зараджаліся, якія людзі там жылі, чаму яны так загадкава назвалі сваё паселішча. Безумоўна, можна толькі марыць, што рака загаворыць. Не, сябры, не чакайце лёгкіх цудаў.Хай жа вам захочацца пабываць хаця б у Оршы, дзе нарадзіўся наш знакаміты пісьменнік Уладзімір Караткевіч, у Копысі, адкуль родам наш Прэзідэнт, у Магілёве, дзе робяць ліфты, на якіх многія з вас катаюцца штодня. Трапіце ў Жлобін, не прамініце пабачыць металургічны завод. А ў Рэчыцы — адкрыйце для сябе сталіцу нафты.
Дамашняе заданне
- Па якіх вобласцях Беларусі працякае Дняпро?
- Якія рэкі, рэчачкі ўпадаюць у Дняпро на яго беларускай дарозе?
- У якім моры заканчвае сваю далёкую вандроўку магутная рака?
- А што б вы папрасілі ў залатой рыбкі, каб злавілі яе ў Дняпры?
- У якіх прыдняпроўскіх гарадах вам давялося пабываць? Чым яны запомніліся вам?