Гняздзечка, якое звалілася ў арык
Акмухамед Вельсапараў
– Мама, мама! – крыкнуў Дзідар. – У наш арык зваліліся верабейчыкі і плывуць па вадзе.
Хлапчанё падбегла да маці, якая ў гэты час размаўляла з бабуляй, схаваўшыся ў цень шаўкоўніцы.
– Няўжо?! – здзівілася матуля.
– Відаць, выпалі з гнязда? – пачала ўдакладняць бабуля.
– Ды не! Яны плывуць разам са сваім домікам, – хвалюючыся, расказваў Дзідар.
– Разам з гняздом?
– Так!
Віламі, якімі бацька накладваў авечкам сена, мама Дзідара падчапіла камячок гнязда, які добра набрыняў вадою, і асцярожна паклала яго на зямлю. У мокрым гняздзечку жаласліва пішчалі два маленькіх верабейчыкі. Бяскрылыя і вельмі ўжо безабаронныя.
Калі яны падсохлі пад сонейкам, Дзідар аднёс птушанят дадому. І ўзяўся частаваць вымушаных вандроўнікаў. Хлопчык наліў ім вады. Насыпаў рысавых зярнят. Але птушаняты ні да чаго не дакрануліся. Пачастунак іх не вабіў. Толькі працягвалі жаласліва пішчаць.
Нечакана на падаконнік ускочыла кошка. Убачыўшы птушанят, яна прыжмурылася і выгнула спіну. Пасля прысела на заднія лапы, рыхтуючыся да скачка. Але матуля ў час заўважыла кошку і выставіла яе за дзверы. Пасля папярэдзіла дзяцей:
– Будзьце пільнымі. Не давайце кацяры набліжацца да птушанят. І самі не чапайце іх рукамі. Маці-вераб’іха пачуе чужы пах і не захоча прызнаць сваіх дзетак. Тады яны прападуць.
– Чаму? – запытаўся Дзідар.
– Таму што іх не будзе каму карміць і паіць. Бачыш, яны не жадаюць есці з тваіх рук. Карміць іх можа толькі маці.
Дзідар ахоўваў іх да таго часу, пакуль не прыйшоў з працы бацька. Ён узяў лесвіцу, падняўся па ёй на дрэва, што расло ля арыка, і паклаў гняздо на ранейшае месца.
Хутка Дзідар пачуў радаснае чырыканне вераб’іхі і вясёлае шчабятанне птушанят.
З туркменскай. Пераклад Алеся Карлюкевіча.