Анатоль Зэкаў
Четверг, 6.02.2020 10:00. Рубрика: Вершы, Літаратура
ЗАВЕЯ
Снег змятаючы да плота,
Намяла зіма сумёты.
Я на вуліцы гуляю,
А завея завывае,
Снегам у мяне шпурляе.
Снег на шапку наліпае,
Быццам сам я падрастаю.
НА КАНЬКАХ
Выйшаў у мароз на лёд,
На каньках катаўся кот.
Неслі ўперад так канькі –
Аж цяпер баляць бакі,
Бо на іх на слізкі лёд
Надта часта падаў кот.
АДМАРОЗІЎ ЗАЙКА ВУШЫ
Месяц студзень завірушыць,
Засыпае сцежкі снегам.
Адмарозіў зайка вушы,
Бо ў мароз без шапкі бегаў.
Лаюць зайку мама з татам,
Не пускаюць з хаты болей.
А хіба ён вінаваты,
Што мароз – такі свавольнік?
ЛІСАВА СЦЕЖКА
Ліс па снежным лесе бег –
І, як венікам, пацешна
Расчышчаў хвастом ён снег,
Каб зрабіць у лесе сцежку.
З самай ранішняй пары
Завіхаўся ліс у лесе,
Каб звяры – яго сябры –
Не правальваліся ў снезе.