Шахматная школка “Вясёлкі”: Урок першы. Знаёмства.
Ты гатовы адправіцца ў падарожжа ў казачную Шахматную краіну? Пазнаёміцца з шахматнымі фігурамі, даведацца, як яны змагаюцца на шахматнай дошцы? Думаю, ужо чакаеш гэтага. Тады у дарогу!
Што такое шахматы? Калі яны з’явіліся?
Шахматы – настольная гульня з клетачнай дошкай для двух гульцоў.
Прыдумалі шахматы ў Індыі ў канцы V ці пачатку VI стагоддзя. Існуюць яны прыкладна паўтары тысячы гадоў,
Што патрэбна, каб гуляць у шахматы?
У першую чаргу патрэбны шахматныя фігуры, шахматная дошка, два партнёры. Яны садзяцца за дошку тварам адзін да аднаго, а дошка размяшчаецца так, каб справа ад кожнага было белае (светлае) вуглавое поле.
Дошка разлінавана на 64 аднолькавыя квадратныя клеткі, кожная называецца поле. Светлыя клеткі – гэта белыя палі, цёмныя – чорныя.
Палі складваюцца ў дарожкі .
Гарызанталь – чорна-белая дарожка з васьмі палёў, якая ідзе справа налева ці злева направа. На дошцы 8 гарызанталяў. Палі ў кожнай чаргуюцца: белае – чорнае – белае – чорнае (ці наадварот).
Вертыкаль – чорна-белая дарожка з васьмі палёў, якая ідзе ад аднаго праціўніка да другога (знізу ўверх ці зверху ўніз). Вертыкаляў, як і гарызанталяў, 8. Палі ў кожнай з іх таксама чаргуюцца.
Акрамя прамых дарожак на шахматнай дошцы ёсць і іншыя.
Дыяганаль – прамы ланцужок палёў аднолькавага колеру, якія датыкаюцца адзін да аднаго вугалкамі. Усяго на шахматнай дошцы 26 дыяганаляў: 13 белых і 13 чорных. У дыяганалях – ад двух да васьмі палёў.
Вялікая дыяганаль – дыяганаль з васьмі палёў белага ці чорнага колеру.
Шахматная дошка даследавана. Час знаёміцца з галоўнымі героямі – шахматнымі фігурамі.
На шахматнай дошцы змагаюцца белыя (фігуры светлага колеру) і чорныя (фігуры цёмнага колеру).
Падрыхтавала Наталля Папова