Я тут жыву (працяг)
Мінскае метро —
горад пад горадам.
Дваццаць дзевяць станцый —
як мікрараёны, як музеі,
На лініях Метрапалітэна
у назвах прыпынкаў
прадстаўлены пэўныя раёны —
Фрунзенскі, Кастрычніцкі, Першамайскі,
Маскоўскі, Партызанскі…
Вялічныя, знакавыя помнікі сталіцы
вызначаны ў станцыях
“Плошча Перамогі”, “Плошча Якуба Коласа”,
“Купалаўская”, “Пушкінская”…
У назвах станцый метро — жыццё Беларусі,
яе мінулае, ява, будучае.
“Малінаўка”, “Пятроўшчына”, “Міхалова”
пайшлі ад прыгарадных вёсак Мінска.
“Аўтазаводская”, “Трактарны завод”, “Акадэмія навук” —
ад флагманаў вытворчасці, навукі,
якімі ганарыцца наша краіна.
А калі наведаеце музей Метрапалітэна
на станцыі “Магілёўская”,
то ўбачыце столькі цудаў
якія вам не з’яўляліся нават у казачных снах.
Пры ўзвядзенні станцыі “Кастрычніцкая”
будаўнікі знайшлі біўні маманта.
Калі будавалі “Барысаўскі тракт” —
натыкнуліся на косткі дагістарычнага слана.
На “Купалаўскай” метрабудаўцам
трапіліся залатыя манеты мінулых вякоў.
На “Нямізе” — адкапалі астанкі старажытнага замчышча.
А выйдзеце на станцыі “Маладзёжная”,
то праз пяцьдзесят метраў трапіце
ў будынак, дзе робяць
ваш любімы часопіс “Вясёлку”.
Запрашаем ў заманлівую вандроўку
па станцыях Мінскага метро!
УЛАДЗІМІР ЛІПСКІ