Месяц за месяцам
Месяц за месяцам – год.
Пералічу ўсе да кожнага.
Круціцца дзён калаўрот
З першага дня й да апошняга.
Смаліць няшчадна ці снег
Сыпле –
любою пагодаю
Дзён не спыніць кругабег –
Снежныя дні ці спякотныя.
Месяц праходзіць – за ім
Вахту наступны прымае.
Некуды й самі ляцім,
Быццам хто нас падганяе.
Студзень снежнымі вазамі
Снег навальвае ў сумёты;
Ну а люты маразамі
Запалохвае заўсёды;
Сакавік напоіць сокам;
Красавік уручыць кветкі;
Травень сонцам з-пад аблокаў
Зазывае на палеткі;
Маніць ягадамі чэрвень;
Ліпень – сонечнай усмешкай;
Жнівень асыпае зернем;
Верасень грыбамі цешыць;
А кастрычнік з лістападам
Засыпае лес лістотай;
Снежань – першым снегападам,
Снег змятаючы ў сумёты.
Так было заўжды і будзе,
Бо ў прыродзе так вядзецца,
Што надыдзе месяц студзень –
І спачатку ўсё пачнецца.