Як зайчанятка Цішка свой цень згубіў
Аднойчы зайчанятка Цішка свой цень згубіў. Вось як гэта адбылося.
Бег Цішка па лесе, на палянку да сяброў спяшаўся, каб разам з імі пагуляць. Бег ён, бег… Раптам насустрач – Воўк. Вялізны, галодны. Убачыў Воўк Цішку, зубы ашчэрыў і да яго! Ну, а Цішка, вядома ж, прэч паімчаў.
І вось імчыць ён, імчыць… Але адчувае, што Воўк усё бліжэй і бліжэй да яго падбіраецца. Вось-вось схопіць. А Цішку апошнія сілы пакідаюць.
Але, што за дзіва, Воўк раптам як збочыць ды як паімчыць кудысьці ўлева. А Цішка, як тое ўбачыў, у правы бок кінуўся. Прыбег на палянку, дзе сябры-зайчаняты яго зачакаліся, спыніўся, ад спалоху вялікага ды ад бегу хуткага слова вымавіць не можа. Толькі калоціцца ўвесь…
Аддыхаўся Цішка, супакоіўся і пачаў пахваляцца, як спрытна ён Ваўка ашукаў. І нават не ашукаў, а па-сапраўднаму напалохаў, бо Воўк ад яго без памяці ўцякаць пачаў. А калі б не паспеў уцячы шэры разбойнік, дык Цішка б паказаў яму, дзе ракі зімуюць!
Слухаюць сябры-зайчаняты аповяд, дзівяцца, але асаблівай веры не даюць. Смяюцца нават. Маўляў, маніш ты ўсё, прыдумляеш!
Спрачацца з імі Цішка пачаў, сваё даказваць… Тут Сарока-белабока падляцела, села на галінку.
– Што, што, што здарылася? – засакатала. – Хто, хто, хто тут маніць?
– Ды вось Цішка падмануць нас уздумаў! – са смехам адказваюць зайчаняты. – Кажа, нібыта, Воўк за ім спачатку пагнаўся, але пасля так палохаўся шэры нашага Цішку , што ад яго прэч кінуўся.
– Праўду, праўду, праўду кажа ваш Цішка! – зноўку засакатала Сарока. – Сваімі вачыма бачыла, як Воўк за ім гнаўся і вось-вось ухапіць павінен быў, але раптам, як кінецца ўбок, ды як паімчыць прэч! Пэўна ж і сапраўды ён вашага сябрука вельмі спалохаўся!
Усе сябры-зайчаняты на Цішку з павагай зірнулі. А самае маленькае зайчаня раптам усклікнула:
– А дзе ж твой цень, Цішка?
Паглядзеў Цішка пад ногі: сапраўды, няма ценю! Ва ўсіх ёсць, а ў яго няма!
– Напэўна, ты яго згубіў, пакуль бег? – кажуць сябры. – Можа, ён за які пень ці куст зачапіўся і ляжыць там. Збегай, пашукай!
А Цішка на гэтую прапанову толькі лапкай махнуў.
– Не буду яго шукаць! – адказвае. – Бо цень мой, хутчэй за ўсё, так ваўка напалохаўся, што кінуў мяне і схаваўся дзесьці ў гушчары. Не патрэбен мне такі баязлівец!
Але тут Вожык на палянку з ляснога гушчару выбраўся. З кошыкам у пярэдніх лапках. Павітаўся ён з зайчанятамі, а потым паглядзеў на Цішку з дакорам і выцягнуў з кошыка ягоны цень. І кажа:
– Як жа табе не сорамна, Цішка?! Цень твой спецыяльна ўбок пабег, а воўк, не разабраўшыся, за ім у пагоню кінуўся. Выратаваў цябе твой цень, а ты яго, замест падзякі, так абразіў!
Цішку сапраўды сорамна стала. І за тое, што цень свой пакрыўдзіў, і за тое, што перад сябрамі тым пахваляўся. Папрасіў ён ва ўсіх прабачэння, і на гэтым я казку сваю завяршаю.