Я тут жыву (працяг)
Займальныя вандроўкі па Беларусі
Айчына — наша Доля.
Мова — наша Душа.
Прырода — наша заранка
з якой сустракаем раніцу і вечар.
Калі Доля, Душа, Прырода
зліваюцца з Чалавекам,
атрымліваецца Гаспадар
у сям’і, у родзе, у народзе.
Родны кут, дзе хто нарадзіўся,
і ёсць яго малая радзіма.
Трэба палюбіць мясціну,
дзе ўпершыню ўбачыў свет,
дзе навучыўся хадзіць і гаварыць,
дзе спазнаў цяпло бацькоў,
дзе пачуў салоўку і жаўрука,
дзе ўбачыў над сабой вясёлку…
І тады чуллівай мелодыяй,
вясновай пралесачкай,
завушніцамі на арэшынках
загучыць сардэчная споведзь
паэта Пімена Панчанкі:
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю —
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю…
Прытулім жа да грудзей
сваю мілую, родную Беларусь,
каб адчуць дыханне яе гісторыі,
каб зразумець адметнасць яе людзей,
каб даць слова вернасці, гонару, любові.
Тады выдыхнем са споду душы
разам з паэтам Рыгорам Барадуліным:
“Беларусь — мая мова і песня!..”