Ад чаго патухла лямпачка?
Аднойчы ў доме патухла святло. Павярнуўшыся да лямпачкі, Каміль спытаў:
– Чаму ты не гарыш?
– А што я магу зрабіць? Перастала працаваць электрычная станцыя. Няхай яна дасць ток, тады я і ўспыхну.
Каміль пабег да электрастанцыі.
– У нас дома няма святла. Чаму ты не працуеш?
– А як жа я магу працаваць? Няхай падымецца вада ў рацэ, закруціць лопасці турбін, тады я запалю святло ў вашым доме.
Каміль падышоў да рэчкі і спытаў:
– Рака, чаму ў цябе так мала вады?
– Адкуль жа будзе тая вада? – ледзь чутна прашаптала рэчка. – Снег, што ляжыць на высокіх гарах, павінен растаць, ператварыцца ў ваду. Хлыне вада ў мае берагі, і я ажыву.
Каміль павярнуўся да гары, крыкнуў:
– Эй, гара! Ты чаму не хочаш аддаць ваду рацэ? Няхай снег на тваёй вяршыні растане і напоўніць рэчку.
– Эх, дзе ты бачыш той снег, адна назва. Даўно ўжо ў наш край не заходзіла хмара. А мне так хочацца і снегу, і дажджу!
У гэты час з-за гары паказалася хмара. Каміль спытаў у яе:
– Хмара, чаму ты пакінула гару без снегу і дажджу?
– Дык ты ж сам сказаў мне неяк, што я табе не падабаюся, от я і сышла.
Сорамна стала Камілю, і ён папрасіў прабачэння ў хмары.
Забыла сваю крыўду хмара. Высунулася з-за гары і ўхутала сабою ўсё неба. Паліў моцны дождж, напаіў раку. Запрацавала электрастанцыя. Запаліліся лямпачкі ў доме Каміля.
Намік Абдулаеў
Пераклаў Павел Місько